Каля 30% праверак суб'ектаў гаспадарання ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе будуць сумеснымі

5 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля 30% праверак суб'ектаў гаспадарання ў Віцебскай вобласці, уключаных у каардынацыйны план кантрольнай дзейнасці на першае паўгоддзе 2010 года, з'яўляюцца сумеснымі - праводзяцца кантрольнымі і нагляднымі органамі, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, начальнік упраўлення кантролю органаў выканаўчай улады і каардынацыі кантрольных органаў КДК Віцебскай вобласці Вадзім Заранкін. Правядзенне скаардынаваных праверак зніжае нагрузку на суб'ект гаспадарання і з'яўляецца нядрэнным паказчыкам, лічыць Вадзім Заранкін. У каардынацыйны план унесена больш за 5 тыс. суб'ектаў праверак у Віцебскай вобласці. Змены ў ім магчымыя і накіраваны альбо на выключэнне праверак, альбо на іх перанос пры ўмове яго ўзгаднення з усімі сувыканаўцамі. Як адзначыў Вадзім Заранкін, змены на сайт КДК, дзе размешчаны план, уносяцца штотыдзень. Начальнік упраўлення ўпэўнены, што каардынацыйны план, які створаны на выкананне ўказа №510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", з'яўляецца паэтапным рухам да мінімізацыі праверак, упарадкавання дзейнасці кантрольных і наглядных органаў - іх дзейнасць становіцца празрыстай і кантраляванай. Акрамя таго, суб'ект гаспадарання, загадзя ведаючы тэрміны сваёй праверкі, можа спланаваць дзейнасць сваіх работнікаў. "Разам з тым ёсць адзінкавыя факты, калі кіраўнікі, даведаўшыся пра праверку, пад падстаўнымі прычынамі спрабуюць на час знікнуць, аднак гэта не спосаб пазбавіцца ад праверкі, бо яе можна перанесці на другое паўгоддзе", - дадаў Вадзім Заранкін. У 2009 годзе КДК Віцебскай вобласці было праведзена 296 праверак, што ў 2,4 раза менш, чым у 2008 годзе. Пры захаванні тэндэнцыі да зніжэння колькасці ў 1,6 раза павялічыўся памер спагнаных грашовых сродкаў, які склаў Br13,7 млрд. Адміністрацыйныя спагнанні прымяняліся з улікам ступені віны і фінансавага становішча правераных суб'ектаў. Зэканомлена, прадухілена выплат дзяржаўных сродкаў на суму Br0,5 млрд. Да адказнасці прыцягнута 1699 парушальнікаў, у тым ліку вызвалена ад займанай пасады 15 чалавек.-0-