Каля 30 тысяч абітурыентаў пройдуць ЦТ у Віцебскай вобласці
Для выпускнікоў школ пачынаецца самая хвалюючая пара — час цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як звычайна, працэс будзе дакладна кантралявацца, каб выключыць любыя парушэнні і даць магчымасць стаць студэнтамі самым ведаючым і годным хлопцам.
У Прыдзвінскім краі сёлета арганізавана 4 пункты тэсціравання: на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа (у 2015-м, нагадаем, такіх пунктаў было 6). Камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у ВНУ узначалілі Вадзім Заранакін, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці (у ВДУ і аршанскім каледжы), Аляксандр Пазняк, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці (у ПДУ) і Уладзімір Церанцьеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў (у ВДТУ).
Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ праводзілася з 2 мая па 1 чэрвеня. Як паведамілі ў КДК, у Прыдзвінскім краі сёлета налічваецца 29345 жадаючых прайсці тэсціраванне, што на 452 чалавекі менш, чым у 2015-м.
Гэты від уступных выпрабаванняў стартуе 13 чэрвеня, а завершыцца 27-га. Пачатак ЦТ па ўсіх прадметах — 11.00. Рэгістрацыя для ўдзелу ў тэсціраванні ў рэзервовы дзень (пры наяўнасці ўважлівай прычыны нез'яўлення) — з 28 чэрвеня па 1 ліпеня ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пункт правядзення ЦТ у рэзервовы дзень (5 ліпеня) — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Акрамя задзейнічаных на пастаяннай аснове супрацоўнікаў КДК, для забеспячэння кантролю непасрэдна ў кожнай аўдыторыі падчас уступных выпрабаванняў дадаткова будзе прыцягнута больш за 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, устаноў адукацыі і ГА «БРСМ».
Звароты грамадзян па спрэчных і праблемных пытаннях цэнтралізаванага тэсціравання прымаюцца ў працоўныя дні з 9.00 да 18.00 па кантактных тэлефонах «гарачых ліній»:
· у Камітэце дзяржаўнага кантролю вобласці — (0212) 42-61-93, 42-61-82;
· у Полацкім міжраённым камітэце дзяржаўнага кантролю — (0214) 42-41-46;
· у Аршанскім міжраённым камітэце дзяржаўнага кантролю — (0216) 21-09-16.
Лілія Іўчанка, «Віцебскія весці».