Каля 30 тысяч турыстаў наведаюць Беларусь падчас Еўрагульняў-2019

Беларусь чакае каля 30 тысяч замежных турыстаў падчас II Еўрапейскіх гульняў, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Парцян у прэс-цэнтры БЕЛТА.

«За аснову пры падліках мы бралі I Еўрапейскія гульні — там было каля 28 тысяч турыстаў. Мы бярэм на сябе павышаныя абавязацельствы: плануем прыняць не менш за 30 тыс. турыстаў», — сказаў Міхаіл Парцян. Для якаснага правядзення II Еўрапейскіх гульняў створаны рэспубліканскі аргкамітэт, які ўзначальвае прэм'ер-міністр. У яго складзе створаны падкамітэт па пытаннях арганізацыі работы з замежнымі турыстамі. На конкурснай аснове выбраны афіцыйны турыстычны аператар і агент гульняў. Нацыянальнае агенцтва па турызме атэставала 886 экскурсаводаў і 200 гідаў-перакладчыкаў. «Створаны туры на любы густ, для любой мэтавай аўдыторыі, рыхтуецца інфраструктура, каб людзі, якія сюды прыедуць, атрымалі якасны турыстычны прадукт», — адзначыў намеснік міністра. «У Еўропе, калі праводзіцца буйное мерапрыемства, цэны на гасцініцы, як правіла, узрастаюць у два-тры разы. У нас было прынята рашэнне абмежаваць гэты рост цэн. Падчас Еўрапейскіх гульняў актывізуем і ўнутраны турызм. Мы ўпэўнены, што мерапрыемства пройдзе на самым высокім узроўні», — падкрэсліў Міхаіл Парцян. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тысячы атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.