Каля 300 аб'ектаў нерухомасці ў Віцебскай вобласці падлягаюць продажу на аўкцыёнах у 2013 годзе

Каля 300 аб'ектаў нерухомасці дзяржаўнай уласнасці на тэрыторыі Віцебскай вобласці сёлета падлягаюць продажу на аўкцыёнах. Пра гэта паведаміў дырэктар Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Паўлючкоў.

За студзень-чэрвень бягучага года фондам "Віцебскаблмаёмасць" ужо праведзена 22 выніковых аўкцыёны, на якіх прададзены 31 аб'ект нерухомасці. Ад продажу дзяржаўнай маёмасці ў бюджэты розных узроўняў паступіла больш за Br6 млрд.

"Вынікі працы за шэсць месяцаў даюць надзею, што гэты год па даходнасці значна перавысіць узровень мінулага (у 2012-м на 63 выніковых аўкцыёнах было прададзена 172 аб'екты нерухомасці на агульную суму больш за Br9 млрд.). У бягучым годзе інвестары праяўляюць большую актыўнасць да аб'ектаў невыкарыстоўванай дзяржаўнай маёмасці. Месяц таму на аўкцыёне было прададзена невыкарыстоўваемы будынак сталоўвай з навесам, размешчаны ў гарадскім пасёлку Шуміліна. Кошт продажу аб'екта нерухомасці склаў Br710 млн. Нерухомасць прададзена пад аб'ект прыдарожнага сэрвісу (кафэ, гасцініца)", - пракаментаваў стан спраў Міхаіл Паўлючкоў.

Ён таксама падкрэсліў, што з уступленнем у сілу ўказа Прэзідэнта ад 4 ліпеня 2012 года № 294 "Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю" адзначаецца павелічэнне цікавасці патэнцыйных пакупнікоў да аб'ектаў, якія выстаўляюцца на аўкцыённыя таргі. Цяпер пакупнік мае права зносу набытых капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), незавершаных закансерваваных і незакансерваваных капітальных пабудоў, і будаўніцтва новага аб'екта для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці альбо зносу асобных аб'ектаў, якія ўваходзяць у склад набытай маёмасці, якія не могуць быць выкарыстаны ім для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэтая норма распаўсюджваецца і на аб'екты нерухомасці, размешчаныя на тэрыторыі абласнога цэнтра.

Інфармацыя аб прызначаных аўкцыёнах і аб'ектах, што плануюцца да продажу, размяшчаецца на сайтах фонду, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, накіроўваецца для распаўсюджвання ў грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз прадпрымальнікаў", Асацыяцыю прадпрымальнікаў і наймальнікаў Віцебскай вобласці, ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа", гар- і райвыканкамы, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, аблвыканкамы, Дэпартамент маёмасных і зямельных адносін Смаленскай вобласці і іншыя арганізацыі.

Алена Ціханава - БелаПАН.