Каля 340 грамадскіх інспектараў аховы прыроды працуюць у Віцебскай вобласці

20 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля 340 грамадскіх інспектараў аховы прыроды аказваюць дапамогу штатным работнікам прыродаахоўнага ведамства ў Віцебскай вобласці, і іх колькасць пастаянна павялічваецца, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст апарата ўпраўлення Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. Калі ў 2005 годзе ў вобласці налічвалася 189 грамадскіх інспектараў прыроды, то ўжо да 2009 года іх колькасць узрасла да 269, а да сярэдзіны 2010 года склала 341 чалавек. На бязвыплатнай аснове гэтыя людзі вядуць прапаганду экалагічных ведаў, удзельнічаюць у рэйдах раённых і гарадскіх інспекцый, своечасова інфармуюць аб парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. Напрыклад, толькі Верхнядзвінскай райінспекцыяй па інфармацыі, прадастаўленай мясцовым грамадскім інспектарам, было выдадзена 128 актаў-прадпісанняў, складзена 15 пратаколаў, з яго ўдзелам выяўлена 48 парушэнняў па ахове жывёльнага і расліннага свету. У Мёрскім раёне ў бягучым годзе грамадскім інспектарам арганізавана і праведзена чатыры суботнікі па ачыстцы ад смецця грамадскіх месцаў, праведзена буртаванне бытавых адходаў на міні-палігонах, складзены і зацверджаны графік вывазу ТБО. У Шаркаўшчынскім раёне грамадскі інспектар сумесна з райінспекцыяй стварыў больш за 30 відэафільмаў аб навядзенні парадку на зямлі. Гэтыя відэаматэрыялы ў сваёй рабоце шырока выкарыстоўвае райвыканкам і прымае меры па аператыўным ухіленні выяўленых інспектарам недахопаў. Як адзначыла Таццяна Ясюліна, сярод грамадскасці людзі розных прафесій і сацыяльнага статусу: ад кіраўнікоў прадпрыемстваў да пенсіянераў. На думку суразмоўніцы, апраўдала сябе практыка правядзення стажыроўкі ў якасці грамадскіх інспектараў студэнтаў-эколагаў 2 курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.М.Машэрава. Пасля заканчэння ВНУ многія з іх становяцца грамадскімі інспектарамі аховы прыроды.-0-