Каля 35 тысяч кветак выгадаваў віцебскі «Зеленхоз» адмыслова да 8 сакавіка

Около 35 тысяч цветов вырастил витебский «Зеленхоз» специально к 8 Марта

Працаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства «Зеленхоз» яшчэ да Новага года прыступілі да пасадкі кветак, якія з прыходам цяпла ўпрыгожаць абласны цэнтр.

Напярэдадні 8 сакавіка па добрай традыцыі мы наведаліся ў цяпліцы «Зеленхоза», каб даведацца, чым парадуе яго калектыў выдатную палову чалавецтва ў поўныя надзей і усмешак вясновыя дні. Да жаночага свята калектыў прадпрыемства, як заўсёды, падрыхтаваў велізарную колькасць рознакаляровых духмяных падарункаў.

— Плануем за тыдзень рэалізаваць прыкладна 30-35 тысяч кветак, — расказала першы намеснік дырэктара Ніна Ераменка. — Асноўную іх частку складуць ружы — каля 18 тысяч. Таксама ў продажы будуць цюльпаны, фрэзіі, хрызантэмы, гваздзікі.

У васьмі гандлёвых кропках прадпрыемства зараз можна знайсці букет, што называецца, на любы густ і колер. Напрыклад, выбраць ружы не толькі звыклых чырвоных адценняў, але і белыя, ружовыя, крэмавыя, жоўтыя і нават бэзавыя. Рана раніцай яны яшчэ растуць у цяпліцах, а праз некалькі гадзін ужо трапляюць на прылавак, дзе ў умелых руках прадаўцоў ператвараюцца ў эфектныя кампазіцыі. Многія арганізацыі, дарэчы, імкнуцца паклапаціцца аб падобных прэзентах для жаночай часткі калектыву загадзя, ведаючы, што напярэдадні 8 сакавіка кветкі — сярод самых папулярных набыткаў. Таму значная частка прадукцыі «Зеленхоза» распрадаецца, па сутнасці, яшчэ да свята, па папярэдніх заяўках. Пры мне, да прыкладу, у адну з гандлёвых кропак паступіў заказ адразу на 450 пунсовых руж.

І калі работнікам прадпрыемства важна даставіць яркі і свежы букет да пакупніка, то наша з вамі задача — пастарацца захаваць яго ў такім выглядзе як мага даўжэй. Як жа гэта зрабіць? Некаторымі тонкасцямі са мной падзялілася Вера Гвоздзь, загадчыца гандлёвага аб'екта, размешчанага па адрасе вул. Лаза, 2. Вера Міхайлаўна працуе ў «Зелянхозе» ужо 27 гадоў, пачынала як кветачнік-дэкаратар, а апошнія пяць гадоў дапамагае кліентам арыентавацца ў разнастайнасці рознакаляровай прадукцыі і маляўніча яе аформіць. Яна патлумачыла, што асаблівай асцярожнасці ў звароце патрабуюць хіба што гваздзікі: яны не любяць суседства з іншымі раслінамі. Усе астатнія кветкі цалкам ужываюцца адна з адной. Сёння арганічнай часткай стыльнага букета часта становіцца фрэзія: яна дарэчна выглядае як побач з ружамі, так і ў кампаніі цюльпанаў.

Каб такі падарунак як мага даўжэй не губляў сваёй свежасці, важна для пачатку яго правільна паставіць у вазу. Па словах Веры Міхайлаўны, у першую чаргу абавязкова трэба абнавіць зрэз сцябла. Для ружы надзвычай важна зрабіць гэта пад вадой. Каралева кветак наогул надзвычай любіць вільгаць, таму для яе варта выбіраць высокія ёмістасці, дзе сцябло будзе ў яе максімальна пагружаны. А вось гваздзікам, цюльпанам і хрызантэмам столькі вады не патрабуецца. Унізе букета неабходна прыбраць усю лістоту, інакш яна намокне і ў цёплым пакоі пачне загніваць.

Перыядычнасць змены вады ў вазе залежыць ад тэмпературы ў памяшканні. Чым цяплей — тым часцей давядзецца гэта рабіць. Прычым Вера Гвоздзь рэкамендуе кожны раз падрэзваць сцяблы, каб кветкі даўжэй стаялі.

Ёсць і іншы варыянт для аматараў жывой зеляніны. Можна першапачаткова набыць не зрэзаную кветку, а гаршчковую — такую прадукцыю «Зеленхоз» таксама вырошчвае. Тады дакладна не давядзецца хвалявацца, што папялісты хлорафітум або квітнеючае каланхоэ завяне праз некалькі дзён.

Але не толькі расліны, якія дораць у Дзень жанчын, патрабуюць сёння ўвагі работнікаў прадпрыемства. Значнае месца ў цяпліцах займае расада, якой з прыходам цяпла трэба будзе перасяліцца на віцебскія вуліцы. І хоць жыхары абласнога цэнтра бачаць першыя вынікі гэтай працы толькі ў маі, пачынаецца яна ў снежні. Майстар ЦАХ №1 Раіса Святова тлумачыць, што яшчэ да Новага года адпраўляюцца ў зямлю насенне бегоніі і цынерарыі, у якіх самы працяглы вегетацыйны перыяд. У сярэдзіне студзеня іх пікіруюць, затым праполваюць і падкормліваюць аж да «пераезду» на гарадскія клумбы. Наступныя на чарзе — алісум і гацанія. Адначасова ідзе чаранкаванне гаршковых раслін.

— Потым, у красавіку-маі, пачынаем высейваць агератум, петунію, сальвію, — працягвае Раіса Уладзіміраўна. — У гэты ж час чаранкуем ірэзіне і альтэрнатэру. Крыху пазней, на пачатку мая, сейем астру і летнія георгіны.

У агульнай складанасці работнікі «Зеленгасу» плануюць выгадаваць 1,5 млн штук расады для азелянення горада і тэрыторыі розных прадпрыемстваў.

Лілія Іўчанка, "Віцебскія весці"