Каля 3,6 тыс. працоўных месцаў створана па праграме "Вітторг" у Віцебскай вобласці
Каля 3,6 тыс. новых працоўных месцаў створана з 2011 года па праграме "Вітторг" у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Віцебскім аблвыканкаме.
"Вітторг" з'яўляецца адной з найбольш актыўна рэалізуемых падпраграм Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады. Яе мэты накіраваны на стварэнне ўмоў для найбольш поўнага задавальнення попыту насельніцтва асартыментам тавараў і паслуг, павышэнне культуры абслугоўвання на аснове ўкаранення эфектыўнай сістэмы тавараабарачэння, пашырэння інфраструктуры гандлёвай сеткі, тэхпераўзбраення галіны.
На 1 кастрычніка ў вобласці выканана 62 мерапрыемствы праграмы (68,9%) з 90 запланаваных з пачаткам рэалізацыі на 2011-2013 гады, рэалізуюцца - 23. На гэтыя мэты асвоена Br538 млрд. інвестыцый (206% да плана). У аблвыканкаме нагадалі, што ў 2011-2012 гадах у рамках падпраграмы ў рэгіёне быў уведзены цэлы шэраг буйных гандлёвых аб'ектаў: бізнес-цэнтр "Марка-Сіці" СААТ "Марка", гіпермаркет "Карона" ТАА "Тытунь-інвест", гандлёва-сэрвісны цэнтр СЗАТ "Фірма "Амега" у мікрараёне Білева-1 і універсам па вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў (Віцебск), крама "Дыяніс" ТАА "Рэстрэйд" у Полацку і інш.
Сёлета ў Віцебску ўведзены ў строй універсам ААТ "Веста", у Оршы - гандлёвы цэнтр "Цэнтрум" АДА "Капеечка", у Наваполацку - рынак "Дзісна" ААТ "Базіс-Наваполацк", у Лепелі - крама Лепельскага райпо, у Новалукомлі - крама ППУП "Чашніцкая міжрайбаза", два гандлёвыя аб'екты ў Мёрах. У сістэме спажывецкай кааперацыі адкрыта 25 крам у Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Лёзненскім, Аршанскім, Талачынскім і Шумілінскім раёнах.
Рэалізацыя мерапрыемстваў дазволіла забяспечыць функцыянаванне каля 6,4 тыс. аб'ектаў гандлю плошчай 556 тыс.кв.м. За кошт развіцця гандлёвай інфраструктуры забяспечанасць гандлёвымі плошчамі насельніцтва вобласці павялічылася з 408 кв.м на 1 тыс. жыхароў у 2010 годзе да 460 кв.м у 2012 годзе. Гэта самы высокі паказчык сярод рэгіёнаў краіны, у сярэднім па рэспубліцы ён складае 440 кв.м, адзначылі ў аблвыканкаме.
Да канца года ў адпаведнасці з праграмай "Вітторг" у Віцебскай вобласці плануецца ўвесці ў дзеянне яшчэ шэсць аб'ектаў.
Вольга Багачова