Каля 370 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці плануюць удзельнічаць у рэспубліканскім суботніку

Каля 370 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці плануюць прыняць удзел у рэспубліканскім суботніку, паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнік абласнога штаба па правядзенні суботніка Уладзімір Цярэнтаў.

"Суботнікі - добрая з'ява, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкіх часоў. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць усім мірам прывесці ў парадак і добраўпарадкаваць сваю зямлю.

Чакаецца, што ў Віцебскай вобласці на суботнік выйдуць каля 370 тыс. чалавек, з іх каля 70 тыс. - пенсіянеры, студэнты, навучэнцы, школьнікі і беспрацоўныя. Улічваючы, што цяперашні год - гэта Год культуры і 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, будзем працаваць на аб'ектах культуры і мемарыяльных комплексах, такіх як "Рыленкі" ў Дубровенскім раёне, "Урочышча Пяскі" ў Полацку. Кіраўніцтва аблвыканкама будзе працаваць на мемарыяле "Прарыў" ва Ушацкім раёне", - сказаў Уладзімір Цярэнтаў.

На тэрыторыі мемарыяла "Прарыў" будзе весціся ўкладка бардзюрнага каменя, пасадка дрэў, афарбоўка і іншыя работы. Уладзімір Цярэнтаў назваў яшчэ некалькі важных аб'ектаў, на якіх у рэгіёне будзе засяроджаны працоўны дэсант. У Верхнядзвінскім раёне работы будуць весціся ў дзендрарыі, у Дубровне - на тэрыторыі кляштара бернардзінцаў (гісторыка-культурная каштоўнасць), у Бешанковіцкім раёне асноўным аб'ектам прыкладання сіл стане храм Святой Жыццепачатнай Тройцы ў Астроўна, у Віцебскім раёне будуць добраўпарадкоўваць аздараўленчы лагер "Спартакавец". Да таго ж на тэрыторыі апошняга з названых раёнаў плануецца высадзіць каля 500 дрэў, новыя алеі з'явяцца ў Лёзненскім і Шумілінскім раёнах.

У галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама паведамілі, што рашэнне аб рэканструкцыі і рэстаўрацыі мемарыяла "Прарыў" прынята ў 2015 годзе. Гэтае пытанне ўзята пад асабісты кантроль кіраўніцтва вобласці. Навукова-метадычнай радай Міністэрства культуры навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ на аб'екце быў зацверджаны адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу - вядомы беларускі архітэктар Юрый Градаў.

Алена Ціханава, БЕЛТА.