Каля 4 млн. даляраў ЗША будзе накіравана на пераўтварэнне віцебскай кацельні «Руба» ў міні-ЦЭЦ

10 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На пераўтварэнне віцебскай кацельні "Руба" ў міні-ЦЭЦ будзе накіравана $4 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Краўчанка. Рэканструкцыю кацельні, размешчанай у Чыгуначным раёне абласнога цэнтра, плануецца правесці ў 2010 годзе. У адпаведнасці з праектам на ёй будзе ўстаноўлена кагенерацыйная ўстаноўка магутнасцю 4МВт. Гэта дазволіць выпрацоўваць на аб'екце не толькі цеплавую, але і электрычную энергію. Апошняя будзе выкарыстоўвацца для патрэб кацельні, а рэшткі прадавацца іншым спажыўцам. У цяперашні час цеплавая нагрузка кацельні ў ацяпляльны перыяд - 15 Гкал, у міжсезонне - каля 3 Гкал. Акупнасць праекта складзе 2,7 года. Яго рэалізацыя дазволіць павысіць каэфіцыент выкарыстання паліва больш чым у два разы да 85-95%. Пры гэтым эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў чакаецца на ўзроўні 6 тыс.т.у.т. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца за кошт пазыковых сродкаў Сусветнага банка (СБ), эксперты якога напярэдадні наведалі кацельню, дадаў Аляксандр Краўчанка. Кацельня "Руба" ўваходзіць у лік аб'ектаў, якія па праекце "Павышэнне энергаэфектыўнасці" будуць пераўтвораны ў ЦЭЦ. На рэалізацыю гэтага праекта коштам $193,1 млн. СБ прадаставіў Беларусі пазыку ў памеры $125 млн.-0-