Каля 4 тыс. студэнтаў Віцебскай вобласці прымуць удзел у трэцім працоўным семестры
24 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 4 тыс. студэнтаў Віцебскай вобласці прымуць удзел у трэцім працоўным семестры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Цяпер ужо сфарміравана 66 будаўнічых атрадаў з юнакоў. Маладым людзям трэба будзе папрацаваць больш чым на 115 аб'ектах рэгіёна. Так, з іх дапамогай будуць узводзіцца жылыя дамы ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Лепелі, Верхнядзвінску, Браславе, Паставах, малочна-таварныя фермы ў раёнах вобласці, Лядовы палац спорту ў Оршы, сярэдняя школа, гандлёвы цэнтр па Бешанковіцкай шашы, бізнес-цэнтр "Марка-сіці", дзіцячы сад у Віцебску, праводзіцца рэканструкцыя вуліцы Гагарына ў абласным цэнтры.
Члены 19 педагагічных атрадаў удасканаляць свае прафесійныя навыкі ў аздараўленчых лагерах, трох сэрвісных атрадаў - папрацуюць у пракаце спартыўнага інвентару ў месцах масавага адпачынку Віцебска, а таксама будуць заняты на пашыве формы для будаўнічых атрадаў. Дзяўчатам і юнакам з 27 сельскагаспадарчых атрадаў давядзецца папрацаваць восенню: іх чакае ўборка і сартаванне карняплодаў, уборка лёну.
Акрамя таго, плануецца, што частка прыхільнікаў карыснага правядзення летніх канікул адправяцца папрацаваць у розныя рэгіёны Расіі ў складзе зводных рэспубліканскіх студатрадаў. "Як правіла, у іх залічваюцца хлопцы, якія ўжо маюць пэўны вопыт і прафесійныя навыкі", - адзначылі ў БРСМ.-0-