Каля 400 журналістаў будуць асвятляць «Славянскі базар у Віцебску».

Каля 400 прадстаўнікоў 119 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку 96 замежных, будуць асвятляць падзеі XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Зацікаўленасць у «Славянскім базары» выказалі СМІ Расіі, Ізраіля, Казахстана, Сербіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Кітая, ЗША. Пра гэта паведамілі работнікі міністэрства інфармацыі Беларусі на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму. Зрэшты, як растлумачыў кіраўнік прэс-цэнтра фестывалю Аркадзь Шульман, колькасць акрэдытаваных журналістаў штодня павялічваецца.

Большую частку спісу займаюць тэлевізійнікі з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, тэлеканалаў АНТ, СТБ, «Мір»,ТРК «Віцебск». Паміж Белтэлерадыёкампаніяй, Цэнтрам культуры «Віцебск» і ВГТРК «Расія» заключаны трохбаковы дагавор аб трансляцыі мерапрыемстваў форуму. На канале «Беларусь 1» штодня будуць выходзіць «Дзённікі фестывалю».

Акрамя таго, «Славянскі базар» наведаюць удзельнікі XIX Сусветнага кангрэса рускай прэсы і XII Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі», які адкрыецца ў Мінску 12 ліпеня. А гэта прадстаўнікі больш чым 50 краін свету.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.