Каля 41 тыс. елак і соснаў рэалізавалі лесгасы Віцебскай вобласці ў перадсвяточныя дні

3 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 41 тыс. елак і соснаў рэалізавалі лясгасы Віцебскай вобласці на ёлачных кірмашах у перадсвяточныя дні, што амаль на 1 тыс. дрэў больш у параўнанні з мінулым годам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВЛГА) Алег Грыцкевіч. Асноўная колькасць прададзеных дрэў прыйшлася на традыцыйны сімвал Новага года - елку. Толькі каля 6 тыс. жыхароў рэгіёна ацанілі арыгінальную прапанову ВВЛГА, упрыгожыўшы святочнымі гірляндамі і яркімі цацкамі сасну. 220 чалавек, у асноўным састарэлыя грамадзяне, аддалі перавагу ўсталяваць дома ёлачныя і сасновыя букеты. Карысталіся папулярнасцю ў насельніцтва, пераважна жыхароў абласнога цэнтра, блакітныя елкі ў кадках, выгадаваныя ў Глыбоцкім лясгасе. Пік продажаў навагодніх елак прыйшоўся на 27-29 студзеня. Выручка прадпрыемстваў ВВЛГА на ёлачных кірмашах склала Br396 млн. Штогод лясгасы аб'яднання спрабуюць прыўнесці ў ёлачныя кірмашы нешта новае. Так, наватарскай ідэяй сёлета стала альтэрнатыўная елцы сасна, а таксама падстаўкі-крыжыкі пад дрэвы ад Глыбоцкага і Бегамльскага лясгасаў, якія таксама знайшлі сваіх пакупнікоў. "Гэту практыку плануецца працягнуць і ў наступныя гады. У 2011 годзе мы абавязкова зноў здзівім чым-небудзь нашых жыхароў", - запэўніў Алег Грыцкевіч. На незаконнай высечцы елак у сёлетнім перадсвяточным сезоне рэйдавым групам трапіліся 16 парушальнікаў. У дачыненні да іх складзены адміністрацыйныя пратаколы.-0-