Каля 4,3 тыс. студэнтаў і навучэнцаў Віцебскай вобласці дапамогуць аграрыям сабраць ураджай

31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 4,3 тыс. студэнтаў і навучэнцаў Віцебскай вобласці дапамогуць аграрыям убраць ураджай, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. У ліку памочнікаў 2,3 тыс. навучэнцаў з 22 прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, 1,3 тыс. - з 13 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 690 першакурснікаў з чатырох ВНУ, а таксама навучэнцы старэйшых класаў сельскіх школ. Працаваць маладыя людзі будуць у гаспадарках 18 раёнаў на ўборцы бульбы, агародніны, пад'ёме лёну. Адпраўка навучэнцаў пачнецца з 6 верасня. За час працоўнай дзейнасці рабятам трэба будзе добра папрацаваць, а таксама цікава адпачыць. Арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў і цырымоній узнагароджання ўдарнікаў працы для іх зоймуцца актывісты БРСМ. Кантраляваць бяспеку ўмоў працы, бытавыя ўмовы і харчаванне студэнтаў і навучэнцаў на працягу ўсяго перыяду знаходжання ў гаспадарках будуць члены абласнога каардынацыйнага штаба, прадстаўнікі мясцовых органаў улады і ўстаноў адукацыі, дадаў Сяргей Каваленка.-0-