Каля 440 тысяч беларускіх рублёў выдзелена на работу па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Віцебскай вобласці

Около 440 тысяч белорусских рублей выделено на работу по увековечению памяти защитников Отечества и жертв войн в Витебской области
Асобая старонка ў гісторыі Беларусі — Вялікая Айчынная вайна. Звыш 1,3 млн беларусаў ваявалі на франтах, унёсшы свой уклад у вызваленне Еўропы ад нацызму. Перамога дасталася дарагой цаной — загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі.

— Работа па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны, якую праводзяць абл- і гаррайвыканкамы, накіравана на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы, павышэнне эфектыўнасці правядзення палявых пошукавых і архіўна-даследчых работ, удасканаленне ўзаемадзеяння з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі аб'яднаннямі і грамадзянамі пры ўсталяванні неулічаных воінскіх пахаванняў і лёсаў бязвеста зніклых, — паведаміў старшыня абласнога савета ветэранаў Сяргей Альшэвіч. — На Віцебшчыне створаны арганізацыйны камітэт па рэалізацыі дзяржпраграмы, яго асноўная задача — каардынацыя дзейнасці ўсіх зацікаўленых структур і кантроль за выкананнем запланаваных мерапрыемстваў. Таксама вядзецца работа са зваротамі грамадзян, якія шукаюць сваякоў, і па арганізацыі шырокага доступу грамадскасці да інфармацыі аб загінуўшых з яе размяшчэннем у інтэрнэце.

Вярнуць з небыцця

За апошнія гады спецыялісты ўстанавілі імёны звыш 29,5 тыс. чырвонаармейцаў, якія раней не значыліся ў спісах «Пашпартоў воінскіх пахаванняў», выявілі 8 неулічаных месцаў пахавання, каля 35,8 тыс. імёнаў былі ўвекавечаны на мемарыяльных плітах. Дзейнасць па папаўненні абласнога банка даных аб воінах, якія загінулі на Віцебшчыне, удзельніках партызанскага руху і падполля, аб мірных жыхарах, знішчаных фашыстамі, вядзецца ва ўсіх раёнах. На пачатак 2017-га складзена падрабязная картатэка на 95365 загінулых, у тым ліку 38 тыс. землякоў.

— Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з абласным саветам ветэранаў правяло шэраг практычных семінараў для музейных работнікаў, бібліятэкараў, вайскоўцаў і валанцёраў. Іх удзельнікам патлумачылі, як эфектыўна выкарыстоўваць камп'ютарныя тэхналогіі ў пошукавай рабоце, — сказала старшыня аргкамітэта Ірына Шышкова. — Сёння электронным архівам АБД «Мемориал» актыўна карыстаюцца звыш 300 арганізацый, якія займаюцца аднаўленнем праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай, у тым ліку Лёзненскі, Віцебскі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Дубровенскі і Ушацкі райвыканкамы, Віцебскі гарвыканкам. Таксама годныя пахвалы намаганні ў гэтай сферы аб'яднанняў па інтарэсах з СШ №40, якімі кіруе Ларыса Бруева.

На базе абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Шмырова функцыянуе цэнтр па ўвекавечанні памяці, дзе ствараецца і публікуецца ў адкрытых крыніцах аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці грамадзян, якія загінулі пры абароне Айчыны. Віцебская вобласць». У АБД ёсць раздзелы «Абеліск на карце раёна (города)», «Дзе загінулі мае землякі?» і «Без вестак прапаўшыя».

Сёння ў ваенкаматы, музеі, выканкамы паступае шмат запытаў ад сем'яў загінулых. Унукі і праўнукі хочуць пабываць на магілах продкаў, пераканацца, што іх подзвіг не забыты. Аддаць даніну памяці сваім дзядам на Віцебшчыну прыязджаюць з усёй Беларусі, з Расіі, Украіны і іншых рэспублік былога СССР. Большасць з іх застаюцца задаволены ўбачаным, дзякуюць мясцовыя ўлады за чысціню і догляд за мемарыяламі і надмагіллямі. Але сустракаюцца і тыя, хто вырашыў наведаць пахаванне самастойна, але не ўлічыў месцазнаходжанне (аддаленасць ад населеных пунктаў, цяжкадаступнасць) і не змог яго знайсці.

— Гэта не сведчыць аб тым, што за помнікамі, якія знаходзяцца ўдалечыні ад райцэнтраў, не даглядаюць. Проста аграрыі з вясны да восені вядуць пасяўныя і ўборачныя работы на палях, таму дарогу без старонняй дапамогі не знайсці. Сцежкі ў лесе зарастаюць, бо наведваюць могілкі адзінкі, — удакладніла Ірына Аляксандраўна. — Лепш перад прыездам звярнуцца ў сельсавет, каб вас нехта суправадзіў.

Выезд на месцы

У тым, што да добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў у раёнах ставяцца адказна, члены аргкамітэта пераконваюцца падчас рэгулярных камандзіровак на месцы. У адну з паездак разам з імі адправіўся карэспандэнт «ВВ». Мы пабывалі на Лёзненшчыне, наведалі звыш 10 мемарыялаў, у тым ліку тыя, што знаходзяцца ў лясах Крынкаўскага сельсавета. Каб дабрацца да некаторых з іх, давялося пераабувацца ў гумовыя боты і адбівацца ад мірыядаў усюдыісных камароў.

— Можна і не правяраць стан магіл і абеліскаў, што знаходзяцца ўздоўж дарог. Яны ва ўсіх навідавоку і таму рэгулярна падфарбоўваюцца і прыбіраюцца. З заўваг можа быць толькі адно — даўно не абкошваліся, — падкрэсліла Ірына Шышкова. — Аднак ёсць шэраг помнікаў у выглядзе скульптур салдат, узведзеных у 70-80-я гады, якія, як за імі ні даглядай, ужо з прычыны ўзросту маюць патрэбу ў рэстаўрацыі. Іх далейшы лёс трэба вырашаць на самым высокім узроўні.

У аграгарадку Крынки мы здалёк заўважылі аднаго з такіх велічных Пераможцаў. Адзінага позірку было дастаткова, каб упэўніцца: любы вораг, які прыйшоў на гэту зямлю, будзе павержаны. Але пад'ехаўшы бліжэй, убачылі, што архітэктурная форма мае патрэбу ў капрамонце — пачала крышыцца ў некалькіх месцах. Калі ў бліжэйшыя гады не вырашыць пытанне з рэстаўрацыяй салдата, давядзецца яго прыбіраць.

— Самы просты шлях — замяніць скульптуру на гранітны прамавугольнік. Але ў гэтым выпадку страціцца самабытнасць, эстэтычны і гераічна-патрыятычны складнікі монумента, — патлумачыла Ірына Аляксандраўна. — Таму ў дадзеным выпадку, я думаю, самы эканомны варыянт — не лепшае рашэнне.

У паездцы нас суправаджалі прадстаўнікі мясцовай і раённай улады. Як паведаміла старшыня Крынкаўскага сельсавета Людміла Іванова, у няпростых эканамічных умовах добраўпарадкаванне пахаванняў — складаная задача.

— Гэта наш святы абавязак, таму робім усё магчымае, каб захаваць для будучых пакаленняў памяць аб абаронцах Айчыны, — сказала Людміла Генадзьеўна. — Велізарную дапамогу аказваюць нам і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

Мы наведаліся на самыя цяжкадаступныя пахаванні ў сельсавеце — Хацемля 1 і 2. Каб дабрацца да першага з іх, давялося пакінуць машыну каля грамадзянскіх могілак і яшчэ 1,5 — 2 км ісці па каласістым полі ды па гразі паміж балот. Шлях да другога ляжаў праз лес. На шчасце, з намі была Людміла Іванова, якая ведала дарогу, інакш зблудзіліся б. Таксама дапамогу аказалі ляснікі, якія час ад часу абкошваюць зараснікі ў напрамку мемарыялаў, што дазваляе мясцовым арыентавацца. Самі помнікі былі добраўпарадкаваны не горш за гарадскія.

Падводзячы вынікі, Ірына Шышкова падзякавала супрацоўнікам сельсавета і райвыканкама за іх неабыякавасць да пытанняў ушанавання памяці.

— Пакуль ёсць такія людзі, як вы, — адзначыла Ірына Аляксандраўна, — ніводная магіла загінулых воінаў не застанецца без увагі. Як бы ні было цяжка, у вас хопіць энергіі і кемлівасці, каб знайсці рашэнне праблем, што ўзнікаюць.

Дарэчы, у Віцебскай вобласці знаходзяцца 1296 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, дзе спачываюць каля 395 тыс. чалавек, больш за палову з якіх невядомы.

Эдуард КАРАЛЕВІЧ, фота аўтара. "Віцебскія весці".