Каля 5 тыс. віцяблян прынялі ўдзел у тэатралізаваным шэсці з нагоды Дня Незалежнасці
3 ліпеня, Віцебск Сяргей Качатоў — БелаПАН. Каля 5 тыс. жыхароў Віцебска сёння прынялі ўдзел ва ўрачыстым тэатралізаваным шэсці з нагоды Дня Незалежнасці. Калоны прайшлі па цэнтральных вуліцах горада ў прысутнасці шматлікіх гледачоў, перадае карэспандэнт БелаПАН.
Дэманстрацыю адкрылі ветэраны і ганаровыя грамадзяне горада, заслужаныя работнікі розных сфер народнай гаспадаркі. Сёлета пабудова калон арганізавана па галінах, якія прадставілі працоўныя калектывы больш як 70 прадпрыемстваў, а таксама ўстаноў сацыяльнай сферы, сілавых структур. Кожная з калон творча падышла да тэматычнага афармлення. Навінкі тэхнікі паказалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Віцебскага раёна. Святочнае шэсце аб'яднала калектывы мастацкай самадзейнасці, спартыўных школ, сярод дэманстрантаў былі пераможцы розных спартыўных і творчых спаборніцтваў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Завяршэнне шэсця дало старт забаўляльным мерапрыемствам на канцэртных пляцоўках і ў паркавых зонах Віцебска. На плошчах Перамогі і Свабоды творчыя калектывы ўстаноў культуры і адукацыі прадстаўляюць спецыяльна падрыхтаваную канцэртную праграму "Табе, Беларусь!". Кірмаш народных майстроў з удзелам фальклорных калектываў пад назвай "Зямля бацькоў, зямля святая" разгарнуўся ў цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна". Адной з адметнасцей праграмы святкавання Дня Незалежнасці ў абласным цэнтры абяцае стаць воднаспартыўнае свята "Моладзь Прыдзвінскага краю" ў парку на беразе ракі Віцьба. Арганізатары запрашаюць жыхароў Віцебска і гасцей горада паўдзельнічаць у народных гуляннях, розных спаборніцтвах і конкурсах, выпрабаваць сябе ў спаборніцтвах на катамаранах і атрымаць навыкі верхавой язды, а таксама адпачыць на водных атракцыёнах.
Фінальны канцэрт з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады адбудзецца ўвечары на абноўленай плошчы Перамогі, дзе будзе разгорнута сцэнічная пляцоўка. Пад заслону святочнага шоў плошча ўпершыню стане месцам правядзення акцыі "Заспяваем гімн разам!", у якой саліраваць будуць вядучыя харавыя калектывы абласнога цэнтра. На апошніх акордах гімна неба над плошчай аздобіць агонь салюту.-0-