Каля 5 тысяч артыстаў прынялі ўдзел у аглядзе мастацкай самадзейнасці Віцебшчыны
Амаль паўгадавое творчае спаборніцтва калектываў вобласці вылілася ў маштабны гала-канцэрт агляду мастацкай самадзейнасці, які адбыўся ў мінулую пятніцу ў Летнім амфітэатры.
У чарадзе розных мерапрыемстваў Віцебшчыны гэты канцэрт заняў асаблівае месца: у ім прынялі ўдзел больш за 1,3 тыс. артыстаў з усіх рэгіёнаў вобласці. Гэта прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў культуры, адукацыі і індывідуальныя выканаўцы розных узростаў, якія паспяхова прайшлі адбор, заваяваўшы прызнанне журы. Усяго ж у аглядзе мастацкай самадзейнасці спрабавалі сілы каля 5 тыс. чалавек, але толькі лепшыя з лепшых удастоіліся гонару выступіць на сцэне Летняга амфітэатра.
– Сёння на Віцебшчыне налічваецца звыш 3 тыс. клубных фарміраванняў, аматарскіх і фальклорных калектываў, 11 з якіх маюць званні заслужанага, 541 – народнага і ўзорнага, таму аблвыканкам выступіў з ініцыятывай правесці іх агляд, – адзначыў у сваім выступленні кіраўнік вобласці
Нікалай Шарснёў. – У канцы года адбудзецца рэспубліканскі форум творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры Беларусі, дзе будуць прадстаўлены лаўрэаты конкурсаў «Горад культуры ў Год культуры» і «Чалавек Года культуры». Упэўнены, што многіх сённяшніх удзельнікаў чакае сталічная сцэна, а гэта выступленне стане для іх генеральнай рэпетыцыяй.Нікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што культурнае жыццё Віцебшчыны насычана разнастайнымі творчымі падзеямі. На працягу 25 гадоў візітнай карткай вобласці і Беларусі з'яўляецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які са сціплага па цяперашніх мерках свята вырас у буйнамаштабную грамадска-культурную акцыю. Летась на форуме былі прадстаўлены амаль усе кантыненты планеты, 42 краіны свету.
Для Віцебшчыны Год культуры асабліва багаты на значныя даты. Так, сваё 30-годдзе адзначыў Беларускі тэатр «Лялька», 90 гадоў спаўняецца Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа, 50 – абласному музею Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва, 45 – каледжу культуры і мастацтваў, 25 – музею Марка Шагала. 9 Мая адбылося ўрачыстае адкрыццё адрэстаўраванага мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушацкім раёне. Да яго рэканструкцыі прычаты органы ўлады, дэпутацкі корпус, грамадскасць, сотні тысяч жыхароў Прыдзвіння. У новым фармаце з прыцягненнем вялікай колькасці ўдзельнікаў плануецца правядзенне 57-й сустрэчы франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў Беларусі, Расіі і Латвіі, якаяадбудзецца 2 ліпеня на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне. Акрамя таго, вядзецца падрыхтоўка да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016» у Сянне.
Разнажанравая праграма гала-канцэрта доўжылася больш за дзве гадзіны, і, нягледзячы на дробны дождж, у гледачоў панавала цёплая атмасфера. Сольныя выступленні, акрабатычныя, харэаграфічныя і тэатральныя нумары суправаджаліся бурнымі апладысментамі. А як інакш, бо на сцэне былі самыя яркія таленты вобласці, аб'яднаныя любоўю да творчасці і нацыянальнай культуры, а іх майстэрства можна лічыць не інакш як прафесійным.