Каля 5 тысяч чалавек пройдуць акрэдытацыю на «Славянскім базары ў Віцебску»
Гарачая пара пачалася для фестывальнай службы акрэдытацыі. Менавіта сюды ў першую чаргу звяртаюцца ўсе ўдзельнікі і госці, у тым ліку вядомыя артысты і тэхнічны склад. Як патлумачылі ў дырэкцыі «Славянскага базару», раней за ўсіх акрэдытацыю атрымалі масквічы, якія займаюцца мантажом сцэны Летняга амфітэатра, і работнікі расійскага тэлебачання.
Добрая навіна – павялічылася колькасць краін, якія прымуць удзел у форуме мастацтваў. На сённяшні дзень іх ужо 42! Гэта рэкордны паказчык. Чакаюцца госці з такіх далёкіх мясцін, як Мексіка, Нікарагуа, Куба, Кітай. Прыедуць прадстаўнікі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі і іншых дзяржаў. Дырэкцыя вымушана ўсталёўваць дадатковыя флагштокі.
Аднымі з першых сярод зорак акрэдытаваны Рыгор Лепс, Валянцін Гафт, Генадзь Хазанаў і Сяргей Безрукаў. Усяго ж «прапіску» на фестывалі сёлета атрымаюць каля 5 тыс. чалавек.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"