Каля 50 прадпрыемстваў возьмуць удзел у міжнароднай выставе па здаровым ладзе жыцця ў Віцебску

9 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. III Міжнародная выстаўка-кірмаш "Віцебшчына – за здаровы лад жыцця" пройдзе ў Віцебску з 18 па 20 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Мерапрыемства будзе арганізавана на базе канцэртнай залы "Віцебск". Традыцыйна на яго запрошаны прадпрыемствы Віцебскай вобласці, іншых рэгіёнаў Беларусі, госці са Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі. Усяго чакаецца каля 50 удзельнікаў, якія прадставяць прадукцыю, што спрыяе здароваму ладу жыцця. Гэта тавары лёгкай прамысловасці, бытавая тэхніка, прадукты харчавання. Падчас выстаўкі адбудуцца прэзентацыі навінак, дэгустацыі, конкурсы, віктарыны, выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Акрамя таго, наведвальнікі кірмашу змогуць атрымаць кансультацыі кардыёлага, анкалога, эндакрынолага, педыятра, тэрапеўта і іншых спецыялістаў. Асноўнай мэтай выстаўкі з'яўляецца інфармаванне насельніцтва па ўсіх аспектах здаровага ладу жыцця і прапаганда адказнага падыходу да свайго здароўя. -0-