Каля 50 тыс. т льнотрасты плануецца нарыхтаваць у Віцебскай вобласці
24 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Віцебскай вобласці плануюць у бягучым сезоне нарыхтаваць каля 50 тыс. т льнотрасты сярэднім нумарам не менш за адзінку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Да ўборкі і нарыхтоўкі льнотрасты прыступілі ўсе раёны. Паводле даных на 24 жніўня, льнотраста вывезена з тэрыторыі больш за 1,1 тыс. га, нарыхтавана амаль 2,7 тыс. т сярэднім нумарам 0,95. Найбольш актыўна гэтая работа арганізавана ў Дубровенскім раёне, дзе самыя вялікія ў вобласці пасевы лёну плошчай амаль 2,3 тыс. га. Льнаводы раёна нарыхтавалі каля 390 т льнотрасты сярэднім нумарам 1. Яшчэ ў шасці раёнах пад гэту культуру адведзена больш за 1 тыс. га. Завяршыць уборку льнотрасты плануецца да 20 верасня.
З-за ўмоў надвор'я гаспадаркам пакуль не ўдаецца набраць аптымальны тэмп сяўбы азімых збожжавых. Усяго гэтыя культуры пасеяны прыкладна на 1,4 тыс. га, або 0,5% ад планаванай плошчы, пры гэтым за мінулы дзень у васьмі раёнах так і не ўдалося засеяць ніводнага гектара. Разам з тым працягваюцца падрыхтоўчыя работы да сяўбы азімых. Так, узарана пад азімыя каля 170 тыс. га, або 56,5% да плана, заданне па ўнясенні гліфасатаў выканана больш чым на 40%, унесена амаль 450 тыс. т арганікі, што складае 6,4% да задання.
Збожжавыя і зернебабовыя ўбраны амаль на 397 тыс. га, або на 90% ад плошчаў, што падлягаюць уборцы. Намалочана 1,2 млн. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 30,3 ц/га.
Пасевы кукурузы скашаны амаль на 6,3 тыс. га, што складае 6% ад планаваных да ўборкі плошчаў. Валавы збор зялёнай масы склаў каля 190 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 300,6 ц/га.-0-