Каля 50 навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы сабрала археалагічная канферэнцыя ў Полацку
1 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі" адкрылася сёння ў Полацку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева.
Удзельнікамі канферэнцыі, прысвечанай 1150-годдзю першага згадвання аб Полацку ў летапісах і якая завяршае праграму святкавання 1150-годдзя Полацка, сталі каля 50 вучоных з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Удзельнікі абмяркуюць новыя археалагічныя даследаванні па гісторыі Полацка, праблемы вывучэння, рэстаўрацыі і выкарыстання помнікаў, выкажуць сваю кропку гледжання на вывучэнне і інтэрпрэтацыю археалагічных помнікаў Полацка і Полацкай зямлі. Асобны блок пытанняў датычыцца ролі музея ў захаванні і прэзентацыі культурнай спадчыны гістарычнага горада, укаранення і эфектыўнага выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій у музеі.
Выступленні вучоных арганізаваны па секцыйных пасяджэннях. "Пры гэтым падчас прэзентацыі іх навуковых дакладаў чакаем пачуць аб цікавых адкрыццях па раней не вывучаных і малавядомых фактах гісторыі Полацкай зямлі", - адзначыла Тамара Джумантаева. Канферэнцыя праводзіцца з 1987 года раз на пяць гадоў. Такі прамежак дае магчымасць вучоным адкрыць новыя старонкі ў гісторыі Полацкай зямлі.
Арганізатарамі IV Міжнароднай канферэнцыі ў Полацку выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Упершыню гэта мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы ЮНЕСКА. Міжнародная арганізацыя ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат 2012-2013 гадоў.
Па выніках мерапрыемства ўсе прагучаўшыя даклады будуць выдадзены ў зборніку "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі". "Чакаецца, што ён выйдзе ў свет вясной 2013 года", - дадала Тамара Джумантаева, адзначыўшы, што ў цяперашні час з улікам падвышанай цікавасці айчынных і замежных гісторыкаў, а таксама запатрабаванасці з боку шырокага кола чытачоў да папярэдніх зборнікаў канферэнцыі Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік праводзіць работу па іх алічбоўцы.-0-