Каля 500 пар Дзядоў Марозаў, Снягурак і 750 іншых казачных персанажаў узялі ўдзел у парадзе ў Віцебску

Около 500 пар Дедов Морозов, Снегурочек и 750-ти других сказочных персонажей приняли участие в параде в Витебске
Гэтае дзейства з радасцю чакаюць самыя маленькія жыхары абласнога цэнтра, ды і дарослыя не супраць вярнуцца ў дзяцінства і прывітаць галоўных герояў навагодніх святаў.



Тратуары па ходзе руху пераапранутых былі запоўнены людзьмі. Некаторыя з гледачоў таксама надзелі карнавальныя маскі, каб падтрымаць тых, хто ішоў у святочнай калоне. А ўзначальвалі яе тры зімовых месяцы – Снежань, Студзень і Люты. Іх прадстаўлялі вершнікі на конях, услед за якімі ў калясцы ехалі Галоўны Дзед Мароз Віцебскай вобласці са Снягуркай. А фурманам быў сімвал 2017 года – Чырвоны певень.

Рытм шэсцю задаваў ваенны духавы аркестр. Музыканты таксама надзелі касцюмы Дзядоў Марозаў і гралі вясёлыя маршы. Так з музыкай калона ўступіла на плошчу Перамогі, дзе ўсталявана галоўная ёлка Прыдзвінскага краю.



Добрай традыцыяй акцыі «Запалім елку разам!» стала ўшанаванне таленавітай моладзі Віцебска, тых, хто праславіў Прыдзвінскі край перамогамі ў розных конкурсах, алімпіядах і чэмпіянатах.

Сярод іх уладальнік дыплома I ступені міжнароднай шматпрофільнай дыстанцыйнай алімпіяды «Тэнгры» па хіміі і дыплома III ступені рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі Аляксандр Атанаў, пераможца другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, чэмпіён Беларусі і прызёр чэмпіянату Еўропы па ўсходніх адзінаборствах Елізавета Коўчур, выдатніца вучобы, пераможца песеннага конкурсу «Дзве сястры – Беларусь і Расія», міжнароднага фальклорнага фестывалю ў Польшчы і Аrt-Panorama Baltika – 2016, які праходзіў у Латвіі, Эстоніі і Швецыі, Аліна Кушнерава і іншыя. Усе дзесяць юных герояў урачыстасці атрымалі падарункі.


Кульмінацыяй вечара стала запальванне елкі. Каля

навагодняй прыгажуні водзілі карагоды, ладзілі конкурсы, на сцэне выступілі лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы.


А Дзеды Марозы з задавальненнем фатаграфаваліся з малышамі і дарослымі, і рабілі селфі на фоне лясной прыгажуні, што заззяла рознакаляровымі агнямі.

Таццяна Пастэрнак. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія вясці».