Каля 500 журналістаў з розных краін будуць асвятляць «Славянскі базар».

8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 500 журналістаў з розных краін будуць асвятляць XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі. Прадстаўнікі пішучай браціі прыедуць з Расіі, Украіны, Узбекістана, Малдовы, Латвіі, Літвы, Германіі, Кітая. Як заўсёды, вялікую цікавасць гэты фестываль выклікае ў журналістаў расійскіх і ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі. Беларуская каманда прадстаўнікоў СМІ традыцыйна самая шматлікая. Толькі ад Віцебскага рэгіёна будзе больш за 130 чалавек - гэта прадстаўнікі гарадскіх і абласных газет, тэлерадыёкампаніі Віцебска і інш. Таксама вялікая дэлегацыя Белтэлерадыёкампаніі будзе працаваць на сёлетнім "Славянскім базары". У ліку 140 чалавек - карэспандэнты, якія будуць перадаваць інфармацыйныя паведамленні і рабіць дзённікі падзей фестывалю мастацтваў у Віцебску, а таксама тэхнічныя спецыялісты. Рэпартажы са сталіцы "Славянскага базару" будуць перадаваць карэспандэнты большасці беларускіх штодзённых газет і тэлеканалаў. На "Славянскім базары" будуць працаваць творчыя групы тэлеканалаў АНТ і СТБ. Стала ўжо добрай традыцыяй выпускаць спецыяльныя нумары беларускіх газет да гэтага фестывалю мастацтваў. У прыватнасці, сярод удзельнікаў "Славянскага базару ў Віцебску" будзе распаўсюджвацца маляўнічы і яркі нумар газеты "Культура". XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня, аднак першыя канцэрты пад знакам фестывалю ўжо далі старт фестывальным мерапрыемствам.-0-