Каля 6 тыс. турыстаў у суткі наведваюць Браслаўскі раён у летні сезон
22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 6 тыс. турыстаў за суткі прымае Браслаўскі раён у летні сезон. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаючы абавязкі генеральнага дырэктара Нацыянальнага парка "Браслаўскія азёры" Андрэй Кудзін.
Паводле яго слоў, калі ўлічыць, што насельніцтва Браслаўскага раёна складае ўсяго каля 32 тыс. чалавек, то падобны турпаток аказвае істотную падтрымку як яго эканоміцы, так і мясцовым жыхарам.
Турыстычныя комплексы нацыянальнага парка летась прынялі 6,2 тыс. турыстаў. Большая частка адпачывальнікаў прыязджае з буйных беларускіх гарадоў, у асноўным Мінска і Віцебска. Колькасць замежных турыстаў, якія наведалі туркомплексы нацыянальнага парка ў 2008 годзе, складае 1110 чалавек. Гэта грамадзяне Расіі, ЗША, Францыі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Нарвегіі і іншых дзяржаў.
"Апошнім часам замежнікі сталі прыязджаць на Браслаўскія азёры не за трафеямі, а менавіта адпачыць: выкупацца ў чыстых азёрах, прагуляцца па лесе, наведаць унікальныя прыродныя аб'екты", - адзначыў вядучы спецыяліст аддзела турызму прыродаахоўнай установы Уладзімір Петкевіч.
Праўда, апошнім часам кіраўніцтва парка адзначае нізкую актыўнасць арніталагічных тураў. "Магчыма, не ўсе замежнікі ведаюць пра магчымасці нашага нацыянальнага парка, хоць для экатурызму Браслаўскія азёры - адно з самых перспектыўных месцаў, прычым не толькі ў кантэксце Беларусі", - растлумачыў вядучы спецыяліст.
Нацыянальны парк займае плошчу 69,1 тыс.га. На яго тэрыторыі знаходзіцца больш за 70 азёр, якія займаюць 12% плошчы парка. Найбольш буйнымі з іх з'яўляюцца азёры Дрывяты, Снуды, Богінскае і Струста. Самым жа глыбокім лічыцца возера Валоса Паўднёвае: яго максімальная глыбіня складае больш за 40 м. Флора вышэйшых сасудзістых раслін нацыянальнага парка налічвае 70 відаў, 16 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. У парку насяляюць 188 відаў гняздуючых птушак, 41 від млекакормячых, 30 відаў рыб, 5 відаў рэптылій і 10 відаў земнаводных.-0-