Каля 60 дзяцей з Віцебскай вобласці пасля вяртання з замежных тураў будуць знаходзіцца на каранціне

20 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля 60 дзяцей з Віцебскай вобласці па вяртанні з замежных аздараўленчых тураў будуць знаходзіцца на каранціне, каб пазбегнуць распаўсюджвання магчымых выпадкаў заражэння грыпам А/H1N1, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Сцяпан Жукаў. Дзеці з Віцебскай вобласці адпачываюць у Германіі і Італіі. Нягледзячы на тое, што ўсе яны вернуцца на радзіму толькі ў пачатку верасня, іх спісы ўжо ёсць у паліклініках па месцы жыхарства. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Мінздава, на працягу сямі дзён яны будуць знаходзіцца дома, бацькам трэба будзе абмежаваць іх кантакт з аднагодкамі, а медыкі ў сваю чаргу будуць весці назіранне за іх станам здароўя на доме. Аналагічныя проціэпідэмічныя мерапрыемствы будуць праведзены ў дарослых паліклініках, у якіх назіраюцца замежныя студэнты, што навучаюцца ў ВНУ вобласці. Як паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алег Бончак, у вобласці праводзяцца ўсе неабходныя ў дадзеным выпадку проціэпідэміялагічныя мерапрыемствы. Цяпер 3 дзіцяці, якія вярнуліся з-за мяжы, знаходзяцца пад назіраннем урачоў. Як падкрэсліў спецыяліст, ніякіх сімптомаў захворванняў у дзяцей не выяўлена, кантроль за станам іх здароўя - прафілактычная мера. На буйных чыгуначных станцыях Віцебск і Орша кругласутачна працуюць санітарна-кантрольныя пасты, якія вядуць маніторынг стану здароўя пасажыраў з сімптомамі вірусных захворванняў. Па словах Алега Бончака, Віцебскі аблвыканкам мае намер павялічыць асігнаванні на набыццё вакцын супраць сезоннага грыпу, каб зрабіць прафілактычныя прышчэпкі кожнаму пятаму жыхару вобласці. Галоўны санітарны ўрач вобласці нагадаў, што неабходна ўважлівей ставіцца да ўласнага здароўя і пры найменшых прыкметах недамагання звяртацца да ўрача. Грамадзянам, якія адпраўляюцца ў замежныя паездкі, варта пазбягаць вялікага натоўпу людзей, пры неабходнасці выкарыстоўваць марлевыя павязкі, выконваць элементарныя правілы гігіены. -0-