Каля 60 каманд з трох краін збярэ ў Віцебску турнір па інтэлектуальных гульнях "Кубак княгіні Вольгі".
29 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 60 каманд з Беларусі, Расіі і Украіны прымуць удзел у XVIII Міжнародным турніры па інтэлектуальных гульнях "Кубак княгіні Вольгі", які стартуе ў Віцебску 30 красавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў гарадскім камітэце ГА "БРСМ".
На працягу двух гульнявых дзён удзельнікам будзе прапанавана памерацца інтэлектам у трох відах гульняў. У праграме турніру запланавана правядзенне чэмпіянату па спартыўнай версіі гульні "Што? Дзе? Калі?" на дыстанцыі ў 90 пытанняў, па выніках якога дзясятка лепшых каманд пазмагаецца за ўзнагароды ў аўтарскай гульні-шоу "Апошні герой". Акрамя таго, інтэлектуалы выйдуць на старт чэмпіянату па спартыўнай версіі "Сваёй гульні" - "Гонка за лідарам". Сярод удзельнікаў віцебскага турніру будуць прадстаўлены неаднаразовыя пераможцы нацыянальных чэмпіянатаў па інтэлектуальных гульнях. Усе пытанні для турніру падрыхтаваны прафесійнымі рэдактарамі з Віцебска, Масквы і Санкт-Пецярбурга.
Па выніках гульняў будзе вызначаны абсалютны пераможца турніру, які стане ўладальнікам галоўнага прыза - Кубка княгіні Вольгі. Акрамя таго, пераможцы і прызёры ў асобных гульнявых відах турніру будуць адзначаны медалямі і памятнымі прызамі.
Турнір арганізаваны інтэлектуальным клубам Цэнтра культуры "Віцебск" і гарадскім камітэтам ГА "БРСМ".-0-