Каля 600 парушальнікаў затрымана ў Віцебскай вобласці падчас дзеяння забароны на наведванне лясоў

Около 600 нарушителей задержано в Витебской области во время действия запрета на посещение лесов

Каля 600 парушальнікаў правілаў пажарнай бяспекі затрымана ў Віцебскай вобласці ў перыяд дзеяння забароны на наведванне лясоў. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Віцебскім абласным упраўленні МНС намеснік начальніка аддзела нагляду і прафілактыкі ўпраўлення Аляксандр Сычоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У перыяд дзеяння забароны на наведванне лясоў выяўлена 580 фактаў парушэнняў, у тым ліку органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях - 304. У асноўным гэта парушэнні, звязаныя з выпальваннем сухой расліннасці, распальваннем вогнішчаў, парушэнняў правілаў наведвання лясоў. Усяго затрымана каля 600 чалавек", - адзначыў Аляксандр Сычоў.

Дзякуючы наладжанай сістэме аховы і, як следства, своечасоваму выяўленню узгаранняў, была забяспечана ліквідацыя пажараў на пачатковай стадыі.

Нягледзячы на зніжэнне класа небяспекі (амаль ва ўсіх раёнах ён зніжаны да 1 класа, толькі ў Віцебскім і Лепельскім - 2-і) і зняцце забароны на наведванне лясоў, работнікі лясной гаспадаркі, МНС працягваюць патруляванне тэрыторыі.

Як дадаў часова выконваючы абавязкі начальніка УМНС Аляксандр Ярмош, ажыццяўляецца штосутачны маніторынг сітуацыі. "Інакш, калі ўмовы надвор'я зменяцца, давядзецца пачынаць з нуля - гэта будзе страта часу. Мы павінны засцерагчы ў першую чаргу сваю тэрыторыю, але акрамя таго працуем ва ўзаемадзеянні з расійскімі калегамі. Адпаведныя пагадненні ў нас заключаны з галоўнымі ўпраўленнямі МНС Расіі па Смаленскай і Пскоўскай абласцях. Дзякуючы ўзаемнаму інфармаванню аб ачагах узгаранняў у памежных зонах прадухілены шэраг пажараў з рызыкай распаўсюджвання на тэрыторыю суседняй дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Ярмош.

Кацярына Князева