Каля 65% экспарту тавараў у Віцебскай вобласці прыпадае на паўфабрыкаты і камплектуючыя
24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля 65% экспарту тавараў у Віцебскай вобласці прыпадае на паўфабрыкаты і камплектуючыя. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пастаўкі паўфабрыкатаў не спрыяюць павелічэнню кошту экспарту нават пры росце аб'ёмаў продажаў у натуральным выражэнні. Акрамя таго, такі экспарт больш схільны да ваганняў цэн, залежыць ад цэнавай палітыкі канкурэнтаў. Напрыклад, у 2010 годзе доля гатовых мясных вырабаў у выглядзе грудзінкі, каўбас, кансерваў на Глыбокскім мясакамбінаце склала ўсяго 0,18%, Міёрскім мясакамбінаце - 3,5%, Віцебскім мясакамбінаце - 10%. Прадпрыемствы вобласці да гэтага часу экспартуюць торф насыпны ў мяшках. Адсутнічаюць пастаўкі брыкетаў, пелет, пажыўных грунтаў з мінеральнымі дабаўкамі. Прадпрыемствы не асвоілі выпуск торфу ў сумесі з саломай, галінкамі пры пастаянным росце патрэбы ў гэтых відах паліва ў Германіі, Чэхіі, Польшчы, Даніі. Цэны на знешніх рынках на гэтыя віды тавараў у 2-3 разы перавышаюць унутраныя.
У сувязі з гэтым аблвыканкам запатрабаваў ад прадпрыемстваў-экспарцёраў павялічваць долю гатовых тавараў, якія могуць быць прапанаваны спажыўцу без далейшай перапрацоўкі.
Паводле даных за студзень 2011 года, адмоўнае сальда знешнегандлёвай дзейнасці ў Віцебскай вобласці склала $21,9 млн.-0-