Каля 70 партнёраў і актывістаў Беларускага фонду міру з Віцебскай вобласці ўзнагародзілі ў сувязі з 60-годдзем арганізацыі

Каля сямідзесяці кіраўнікоў органаў улады і ўстаноў Віцебскай вобласці, партнёраў і актывістаў Беларускага фонду міру адзначаны рознымі ўзнагародамі ў сувязі з 60-годдзем арганізацыі.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў падкрэсліў, што Віцебскае аддзяленне Беларускага фонду міру з'яўляецца надзейным партнёрам органаў улады і грамадскіх аб'яднанняў. На працягу многіх гадоў БФМ увасабляе добрыя справы ў сферы сацыяльнай абароны, культуры, адукацыі, аховы здароўя, ідэалогіі. Шмат у чым дзякуючы арганізацыі прыводзяцца ў парадак воінскія пахаванні, мемарыяльныя комплексы, абеліскі. Развіццё атрымаў праект па стварэнні на Віцебшчыне «Школ міру». Пры гэтым у БФМ няма ўнёскаў, арганізацыя жыве за кошт ахвяраванняў. А гэта тытанічны аб'ём працы – знайсці мецэнатаў, спонсараў і ўкласці грошы так, каб была аддача.

 

 

 

Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін падзякаваў за вельмі патрэбную для грамадства і дзяржавы працу, якая робіцца ад душы:

– Вы шануеце мір і памяць, як ніхто іншы. Нездарма ў праекце Канстытуцыі закладзены артыкул аб захаванні гістарычнай памяці, таму што ўсе выдатна разумеюць: людзі, якія забылі мінулае, не маюць будучыні.

Старшыня абласнога аддзялення БФМ Таццяна Тутовіч уручыла Уладзіміру Цярэнтаву нагрудны знак «Заслужаны міратворац», Уладзіміру Пяніну – медаль Беларускага фонду міру.

"Віцебскія весці"