Каля 700 бубначоў і мажарэтак узялі ўдзел у фестывалі-конкурсе ў Віцебску

Около 700 барабанщиц и мажореток приняли участие в фестивале-конкурсе в Витебске
На плошчы Перамогі ў Віцебску разгарнулася маляўнічае шоу IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу барабаншчыц і мажарэтак у рамках «Славянскага базару ў Віцебску».

У сувязі з пандэміяй, летась фестываль-конкурс не праводзіўся, таму ўдзельнікі паспелі засумаваць па маляўнічым дзеі і з нецярпеннем чакалі юбілейнага «Славянскага базару ў Віцебску». Сёлета фестываль сабраў каля 700 барабаншчыц і мажарэтак з розных куткоў Беларусі і Расіі.

– Кожны год калектываў і ансамбляў, жадаючых прыняць удзел у фестывалі, становіцца ўсё больш, таксама расце і прафесіяналізм удзельнікаў, – расказала дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука.

Сапраўды, некаторыя з барабаншчыц і мажарэтак ужо не раз атрымлівалі ўзнагароды і тытулы на конкурсах, не толькі на фестывалі ў Віцебску, але і за яго межамі. Напрыклад, навалукомльскі ансамбль мажарэтак Школы танца «Дзіва-дэнс» з Чашніцкага раёна ў 2019 годзе стаў пераможцам Міжнароднага Гран-пры па мажарэт-спорце і твірлінгу ў Санкт-Пецярбургу, а таксама быў лаўрэатам і заваёўваў срэбра на «Славянскім базары ў Віцебску».

– Стараемся ўдзельнічаць у фестывалі на «Славянскім базары ў Віцебску» кожны год, гэта вельмі прэстыжны конкурс і тут мы не толькі паказваем сваё прафесійнае майстэрства, але ў першую чаргу знаёмімся з новымі людзьмі і заводзім сяброў, – расказала кіраўніца ансамбля Наталля Тамашова.

Дарэчы, Наталлі Тамашовай 70 гадоў, а са сваімі падапечнымі яна праводзіць занятак 3 разы на тыдзень, каб адточваць сваё майстэрства і паказваць «клас». У калектыве падзяляюць меркаванне Наталлі Мікалаеўны, а таксама жадаюць, каб такіх узроставых ансамбляў станавілася ўсё больш.

– У фестывалі-конкурсе могуць удзельнічаць людзі любога ўзросту, напрыклад, сёлета ўзрост барабаншчыц і мажарэтак ад 5 да 75 гадоў, – адзначыла галоўны балетмайстар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Панэ.

Дзевяцікласніца Дар'я Мінакова з Лёзненскага раёна прыехала на конкурс упершыню і больш за ўсё перажывала за тое, як павядзе сябе флаг у яе руках, бо кіраваць ім і адначасова танцаваць не так ужо і проста.

– Баюся, што з-за ветру мой флаг загорнецца і перажываю за самых маленькіх удзельнікаў калектыву, – падзялілася сваімі страхамі Дар'я. – Падрыхтоўку да фестывалю-конкурсу мы пачалі за месяц да выступлення, спачатку вучылі складаную харэаграфію, а пасля ўжо расстаноўку. І хоць мы ўжо выступілі ў Лёзне са сваім нумарам на Дзень Незалежнасці, гэта мерапрыемства для мяне больш хвалюючае.

Па выніках IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу барабаншчыц і мажарэтак Гран-пры выйграў народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль мажарэтак «Холідэй» Баранавіцкага гарадскога Дома культуры. Таксама кожны калектыў атрымаў прызы ад журы конкурсу-фестывалю, а 20 лаўрэатам I ступені ўручылі яшчэ і кубкі.

"Віцебскія весці".