Каля 700 удзельнікаў збярэ турзлёт моладзі ў Віцебскай вобласці
15 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 700 удзельнікаў збярэ абласны турслёт моладзі ў Бешанковіцкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Адкрые мерапрыемства раніцай 19 жніўня мітынг-рэквіем ля помніка савецкім воінам (в.Узрэчча), якія загінулі ў чэрвені 1944 года пры вызваленні Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аддаўшы даніну памяці загінулым абаронцам Айчыны, каманды ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць усе раёны Віцебскай вобласці, разгорнуць у пасёлку Ула свой лагер і прыступяць да выканання непасрэднай мэты мерапрыемства - шматлікіх спартыўных і творчых конкурсаў.
На працягу трох дзён ім трэба будзе паспаборнічаць у спаборніцтвах па турысцка-прыкладным мнагабор'і ў тэхніцы веласіпеднага, горна-пешаходнага, воднага турызму, прайсці эстафету з арыентаваннем на мясцовасці. Творчая частка ўключае конкурсы газет, мастацкай самадзейнасці, віктарыну "Віцебшчына спартыўная". Лепшыя каманды турслёту будуць вызначаны ў кожным відзе спаборніцтва, а таксама па выніках усіх выступленняў. Іх чакаюць прызы і ганаровыя дыпломы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзел па справах моладзі і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама пры падтрымцы Бешанковіцкага райвыканкама.-0-