Каля 8 тыс. асобаў, схільных да хатняга гвалту, праверылі супрацоўнікі міліцыі Віцебскай вобласці ў красавіку
10 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 8 тыс. асоб, схільных да гвалту ў сям'і, праверылі супрацоўнікі міліцыі Віцебскай вобласці па месцы жыхарства ў ходзе акцыі "Сям'я без гвалту", якая праводзілася з 1 па 30 красавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пранько.
Асаблівая ўвага надавалася сем'ям, дзе выхоўваюцца дзеці. Так, 4,8 тыс. праверак праведзены ў сем'ях, дзе непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 75 дзяцей былі прызнаны тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 100 бацькоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, 58 чалавек - за ўцягванне ў антыграмадскую дзейнасць. Апошняе часцей за ўсё звязана з сумесным распіццём спіртных напояў, адзначыў суразмоўца. Акрамя таго, выяўлена 140 новых нядобранадзейных сем'яў, 40 фактаў сямейнага гвалту.
На ўлік да ўрачоў-нарколагаў пастаўлена 450 чалавек, у тым ліку 54 бацькі, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Праведзена 74 выязныя пасяджэнні суда, на якіх разглядаліся пытанні пазбаўлення бацькоўскіх правоў, абмежавання дзеяздольнасці і накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі ў дачыненні да 117 чалавек. Усяго за час акцыі ў ЛПП накіравана 94 хранічных алкаголікі, абмежавана ў дзеяздольнасці 47 жыхароў вобласці. Адначасова ў Пастаўскім і Чашніцкім раёнах па ўласным жаданні прайшлі псіхакадзіроўку 165 чалавек, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм.
Не засталіся па-за ўвагай супрацоўнікаў міліцыі і асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Прадстаўнікі праваахоўных органаў праверылі каля 1,3 тыс. кватэр, якія станавіліся месцам збору і знаходжання такіх асоб.
Адным з прэвентыўных мер работы з парушальнікамі грамадскага і сямейнага парадку стала інфармаванне кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў аб прыцягненні іх работнікаў да адказнасці за правапарушэнні ў сямейна-бытавой сферы. Усяго накіравана 1,3 тыс. такіх паведамленняў.-0-