Каля 850 дзяцей удзельнічаюць у абласным навагоднім свяце ў Віцебску

29 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 850 дзяцей сабраліся сёлета на абласным навагоднім свяце ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Свае лепшыя віншаванні сабраным на ёлцы юным талентам, спартсменам, дзецям з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў адрасаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Ён адзначыў, што дзяржавай зроблена ўсё неабходнае па рэалізацыі праграмы "Дзеці Беларусі". Так, сёлета ў Віцебскай вобласці выдзелена Br50 млрд. на добраўпарадкаванне, мадэрнізацыю, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гімназій, школ, інтэрнатаў, будаўніцтва дзіцячых садкоў. Усё гэта робіцца для таго, каб максімальна раскрыць і рэалізаваць патэнцыял дзяцей. "Вы ў сваю чаргу адказваеце на гэта сваімі дасягненнямі", - падкрэсліў губернатар, звяртаючыся да дзяцей. Аляксандр Косінец з гонарам адзначыў, што Віцебшчына лідзіруе сярод рэгіёнаў рэспублікі па колькасці пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. У 2009 годзе ў скарбонку ўзнагарод рэгіёну 101 школьнік прынёс дыпломы першай, другой і трэцяй ступені, а трое сталі пераможцамі міжнародных алімпіяд. Не меншы гонар выклікаюць дасягненні ў спорце і творчасці, сказаў Аляксандр Косінец. Толькі сёння ў святочным зале сабраліся 20 лаўрэатаў міжнародных творчых конкурсаў, 37 дыпламантаў і больш за 100 дзяцей, якія перамаглі ў абласных фестывалях. "У нас вельмі адораныя, таленавітыя дзеці. Дзякуючы ім наш край будзе квітнець і паспяхова развівацца", - упэўнены губернатар. З самай раніцы ўдзельнікі абласной навагодняй ёлкі апынуліся ў цэнтры святочных забаў, жартаў і весялосці. Казачныя прадстаўленні з шматлікімі падарункамі перамяжоўваліся канцэртамі і дыскатэкамі, а завяршальнай кропкай сённяшняга навагодняга калейдаскопа стане для іх канцэрт на плошчы Перамогі.-0-