Каля 90% экспарту тавараў прадпрыемстваў Віцебскай вобласці афармляецца ў электронным выглядзе
22 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 90% экспарту тавараў прадпрыемстваў Віцебскай вобласці афармляецца ў электронным выглядзе. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік Віцебскай мытні Генадзь Пучкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Перавагі выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій ацанілі і актыўна выкарыстоўваюць больш за 100 прадпрыемстваў-экспарцёраў, размешчаных у зоне аператыўнай дзейнасці Віцебскай мытні. "Сёння Віцебская мытня мае ўсе магчымасці для 100-працэнтнага афармлення экспартных паставак у электронным выглядзе і пасля ўрэгулявання адпаведных арганізацыйных пытанняў мы выйдзем на гэты паказчык", - адзначыў Генадзь Пучкоў.
Большая доля электронных мытных дакументаў прад'яўляецца да мытнага афармлення Віцебскім філіялам РУП "Белмытсэрвіс", праз які ажыццяўляюць электроннае дэклараванне да 75% суб'ектаў гаспадарання. Віцебская мытня наладзіла цеснае ўзаемадзеянне з Беларускай чыгункай, сумесна з якой распрацавана і зацверджана тэхналогія электроннага афармлення тавараў, якія перамяшчаюцца чыгуначным транспартам.
У ліку першых удзельнікаў сістэмы электроннага дэкларавання тавараў былі ААТ "Завод керамзітавага жвіру г. Навалукомль" і РУПП "Станказавод "Чырвоны бальшавік" (Орша), якія ўжо з сакавіка і чэрвеня бягучага года цалкам афармляюць экспартныя пастаўкі ў электронным выглядзе. Па словах намесніка дырэктара навалукомльскага прадпрыемства Георгія Лазарашвілі, пераход на электроннае дэклараванне экспарту дазваляе прадпрыемству штомесяц эканоміць Br3-5 млн. Як адзначыў начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей станказавода "Чырвоны бальшавік" Аляксандр Масленкоў, праца ў сістэме электроннага дэкларавання экспарту дае магчымасць эканоміць да 80% часавых рэсурсаў спецыялістаў прадпрыемства, якія займаюцца мытным афармленнем. "Прадукцыя нашага прадпрыемства прысутнічае на рынках 120 краін, таму электроннае дэклараванне для нас стала сур'ёзным інструментам для скарачэння тэрмінаў афармлення і пастаўкі экспартнай прадукцыі", - адзначыў ён.
Акрамя таго, Віцебская мытня з ліпеня прыступіла да рэгістрацыі статыстычных экспартных дэкларацый, якія прадстаўляюцца ў электронным выглядзе, а таксама ўжо афармляюцца электронныя дэкларацыі для здзяйснення аперацый у мытных рэжымах рээкспорту і часовага вывазу.-0-