Каля 90 унікальных прац прадстаўлена ў фотаальбоме "Віцебшчына ў 1941-1944 гг.: акупацыя і вызваленне"

1 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 90 унікальных ваенных фотаздымкаў прадстаўлены ў фотаальбоме "Віцебшчына ў 1941-1944 гг.: акупацыя і вызваленне", які выдадзены абласным краязнаўчым музеем напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы навуковы супрацоўнік, захавальнік калекцыі фотаздымкаў музейнай установы Святлана Давідоўская.

Выдавецкі праект аб'яднаў ужо вядомыя фотаработы і ўпершыню апублікаваныя здымкі з фондаў краязнаўчага музея, якія паступалі ў музей рознымі шляхамі. Зборнік складзены з трох раздзелаў "Акупацыйны рэжым", "Генацыд" і "Вызваленне". Аўтарамі фотаздымкаў з'яўляюцца ваенныя карэспандэнты ТАСС, газеты "Во славу Родины", часопіса "Огонек" і віцебскі фотаграф Пётр Азарчанка. Акрамя таго, частка апублікаваных работ была ў свой час выяўлена ў загінулых нямецкіх салдат, некаторыя фота перадавалі жыхары Германіі ўжо ў пасляваенны час.

Аднымі з першых музейных паступленняў фотаздымкаў горада перыяду акупацыі сталі два здымкі, на якіх зафіксаваны шыбеніца перад гарадской ратушай і баракі канцлагер "5-ы полк" на ўскраіне абласнога цэнтра. Гэтыя матэрыялы былі перададзены ў музей у 1945 годзе адным з гарадскіх прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання "Арцель "Гігіена". Апошні раз фотаздымкі ваеннага перыяду паступілі ў фонды ў 2003 годзе. Жыхар нямецкага горада Аснабюрг Вольфганг Энгель перадаў музею 13 фотаработ з відамі вуліц, храмаў, будынкаў акупаванага горада 1942-1943 гадоў.

 Праект рэалізаваны сумесна навуковымі супрацоўнікамі абласнога музея і вышэйшых навучальных устаноў Віцебска і Мінска. Выданне будзе запатрабавана навукоўцамі, даследчыкамі, выкладчыкамі і навучэнцамі навучальных устаноў, а таксама прыцягне ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны і роднага краю.

Усяго ў фондах абласнога краязнаўчага музея захоўваецца каля 25 тыс. фотаздымкаў, з якіх прыкладна чвэртая частка прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны.-0-