Каля 900 рамеснікаў і мастакоў збяруцца ў Горадзе майстроў на "Славянскім базары ў Віцебску".
5 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 900 рамеснікаў і мастакоў стануць удзельнікамі Горада майстроў на XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна" Віктар Кібісаў.
Традыцыйнымі пляцоўкамі для размяшчэння народных майстроў і рамеснікаў стане вуліца Чайкоўскага, якая вядзе да цэнтра "Дзвіна", і пляцоўкі каля канцэртнай залы "Віцебск". Маляўнічай разнастайнасцю прапанаваных вырабаў з 8 па 17 ліпеня сюды будуць прыцягваць гандлёвыя рады рукадзельніц, ткачых, разьбяроў па дрэве, майстроў салома- і бісерапляцення, керамістаў, ганчароў і кавалёў, прадаўцоў ювелірных вырабаў і біжутэрыі.
У Горадзе майстроў рамеснікі, якія прыбылі з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны і Латвіі (усяго звыш 750 чалавек) прадставяць свае лепшыя вырабы і прымуць удзел у конкурсах і пленэрах. Так, 10-11 ліпеня ў сваіх уменнях на абласным конкурсе "Папараць-кветка" будуць спаборнічаць майстры саломапляцення. У гэтыя ж дні пройдуць выставы работ керамістаў і кавалёў. Стварыць атмасферу сапраўднага свята дапамогуць розныя самадзейныя калектывы і члены клубаў гістарычнай рэканструкцыі, выступленні якіх будуць суправаджаць кірмаш на працягу ўсяго часу яго дзеяння.
Утульныя пасля рэканструкцыі вуліцы Талстога і Суворава, размешчаныя ў Старым горадзе, стануць месцам прапіскі мастакоў. У гэтым годзе тут з камфортам разгорнуць свае творы каля 100 жывапісцаў, а аматары гэтага віду мастацтва зноў будуць з асалодай блукаць па выставачных залах пад адкрытым небам.-0-