Каля 950 чалавек у Віцебскай вобласці ў І квартале атрымалі працоўнае месца за кошт стварэння новых вытворчасцей

За першы квартал 2016 года каля 950 чалавек атрымалі месца працы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей у Віцебскай вобласці, - паведаміла намеснік начальніка аддзела камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Таццяна Аўчыннікава.

На рынку працы вобласці на адну вакансію цяпер прыпадае 3,1 беспрацоўных. Колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва ў студзені-лютым 2016 года склала 514,1 тыс. чалавек і ў параўнанні з тым жа перыядам 2015 года знізілася на 15,1 тыс. чалавек. У 2016-2020 гадах ва ўмовах структурных пераўтварэнняў эканомікі працягнецца вызваленне працоўнай сілы, што запатрабуе забеспячэння яе ператоку ў іншыя віды эканамічнай дзейнасці, у тым ліку ў высокапрадукцыйны сектар эканомікі.

\"У вобласці ў гэтым годзе прадугледжана працаўладкаванне 3,3 тыс. грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы, у тым ліку 2,1 тыс. грамадзян - за кошт стварэння новых прадпрыемстваў. Такія лічбы прапісаны для нашага рэгіёну ва ўказе №78 \"Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь\". А распараджэннем старшыні аблвыканкама даведзены павышаны паказчык - працаўладкаваць на новыя працоўныя месцы 5 тыс. чалавек. Па аператыўных даных, за студзень-сакавік гэтага года за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей працаўладкавана 952 грамадзяніна, з іх за кошт стварэння новых прадпрыемстваў - 552\", - растлумачыла Таццяна Аўчыннікава. Яна падкрэсліла, што пры пэўных станоўчых зменах усё яшчэ ёсць сведчанні недастаткова эфектыўнага выкарыстання працоўных рэсурсаў.

Назіраецца дысбаланс попыту і прапановы рабочай сілы па прафесійна-кваліфікацыйным складзе, недахоп кваліфікаваных кадраў пры іх збытку, нізкая канкурэнтаздольнасць асобных категорый грамадзян, адсутнасць матывацыі да працы і нявызначанасць у выбары прафесіі ў моладзі, асабліва выпускнікоў школ, зніжэнне прэстыжу асобных рабочых прафесій сярод моладзі.

Упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гаррайвыканкамаў вобласці прымаюцца крокі, якія рэгулююць сітуацыю. Гэта навучанне афіцыйна беспрацоўных па розных прафесіях, запатрабаваных на рынку працы (цырульнік, майстар па манікюры і педыкюры, зборшчык абутку і інш.). Асаблівая ўвага надаецца прафабучэнню па заяўках наймальнікаў з гарантыяй наступнага працаўладкавання. У прыярытэце таксама арганізацыя прафесійнага навучання непасрэдна на вытворчасці па індывідуальнай праграме. І беспрацоўныя атрымліваюць садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці ў выглядзе прадастаўлення субсідый (у 2015 годзе іх атрымалі 264 грамадзяніна). Найбольш распаўсюджанымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці, абранымі беспрацоўнымі, з'яўляюцца: рамонт і пераробка швейных, трыкатажных і іншых вырабаў, прадастаўленне паслуг цырульнямі і салонамі прыгажосці, паслуг па рамонце абутку, выраб рытуальнай прадукцыі і іншыя.

Кацярына Князева, БЕЛТА.