Каля Br11 млрд. асвоена на аднаўленні Свята-Успенскага кафедральнага сабора ў Віцебску
4 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля Br11 млрд. асвоена на аднаўленні Свята-Успенскага кафедральнага сабора ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік дырэктара КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама" Аляксандр Жарцоў.
Аб'ём работ выкананы больш чым напалову: узведзена цагляная муроўка, пракладзены ўсе ўнутраныя і знешнія інжынерныя сеткі, устаноўлены аконныя блокі, купалы з нітрыдтытанавым пакрыццём пад золата. Наступленне халадоў некалькі прыпыніла дзейнасць будаўнікоў, знешняя тынкоўка аб'екта выканана толькі на 30%. У бліжэйшы час у будынку павінны ўключыць ацяпленне, і гэта дасць магчымасць паскорыць правядзенне ўнутраных работ, а таксама прыцягнуць дадатковыя сілы. Так, калі цяпер на будаўніцтве занята каля 30 рабочых, то потым іх колькасць павялічыцца да 60-70 чалавек.
Для завяршэння ўсіх работ спатрэбіцца яшчэ каля Br10 млрд. Сродкі будуць накіраваны на правядзенне ўнутраных аддзелачных работ, добраўпарадкаванне тэрыторыі храма. Увод у эксплуатацыю намечаны на 2010 год.
Заказчыкам аб'екта выступае КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама", падрадчык будаўніцтва - ААТ "Будаўнічы трэст №9 г.Віцебска". Фінансаванне вядзецца з абласнога бюджэту.
Самы вялікі храм Віцебска ўзводзіцца на высокім беразе Заходняй Дзвіны, на тым самым месцы, дзе стаяў старадаўні храм, пабудаваны яшчэ ў XVIII стагоддзі і разбураны ў 30-я гады XX стагоддзя. Архітэктарам і будаўнікам давялося нямала папрацаваць у архівах, каб узнавіць копію аднаго з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі. Вышыня галоўнага купала храма складае каля 50 м, а дзве званіцы ўзняліся ўвышыню амаль на 40 м. Памер храма - 55х33 м.
Яшчэ не заззяўшы ва ўсім сваім веліччы, сабор ужо стаў дамінуючай кропкай старога горада, штодня радуючы сваёй прыгажосцю віцябчан і нязменна прыцягваючы погляды гасцей горада.-0-