Каля Br1,2 млрд будзе выдаткавана на аднаўленне віцебскага мемарыяла, дзе пахаваны Мінай Шмыроў

У Віцебску да 9 Мая плануецца прывесці ў парадак воінскі мемарыял на Успенскай гары, дзе пахаваны Герой Савецкага Саюза Мінай Шмыроў. Аб гэтай ініцыятыве абласнога аб'яднання прафсаюзаў паведаміў сёння яе старшыня Іван Возьміцель у ходзе пашыранага пасяджэння прэзідыума абласнога савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ўжо вызначыліся па каштарысе: на ўсе работы патрабуецца Br1,2 млрд. Палову дае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Астатнюю суму будзем збіраць, як гаворыцца, з міру па нітцы", - растлумачыў Іван Возьміцель.

Прывесці ў належны выгляд буйное пахаванне ў Віцебску на Успенскай горцы, дзе ў 12 індывідуальных і адной брацкай магіле спачываюць 16 удзельнікаў Другой сусветнай вайны, у тым ліку Мінай Шмыроў, планавалася яшчэ ў гэтым годзе. Сучасны выгляд могілкі набылі ў 1956 годзе, а ў 2005-м да 60-годдзя Перамогі была праведзена яго частковая рэканструкцыя і добраўпарадкаванне. Аднак на сённяшні дзень стан гэтага буйнога мемарыяла ў самым цэнтры гістарычнай часткі горада недастаткова здавальняючы, у цэлым пахаванне мае патрэбу ў сур'ёзнай рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні.

Акрамя таго, Іван Возьміцель звярнуўся да старшынь раённых ветэранскіх арганізацый з просьбай паставіць усіх ветэранаў працы на прафсаюзны ўлік, каб яны маглі атрымліваць рэгулярную падтрымку. Чалецтва ў арганізацыі дазволіць больш аператыўна вырашаць многія пытанні. "Ад выплат прафсаюзных узносаў мы ветэранаў фактычна вызваляем, але затое людзі, якія шмат гадоў і сіл аддалі аднаўленню народна-гаспадарчага комплексу, не засталіся забытымі пасля знікнення прадпрыемстваў, заводаў, на якіх працавалі. А прафсаюзны ўлік дасць, няхай і мінімальную, але матэрыяльную падтрымку, а таксама ўвагу, у якой гэтыя людзі асабліва маюць патрэбу", - падкрэсліў Іван Возьміцель.

Кацярына Князева