Каля Br22 млрд. будзе накіравана на будаўніцтва і рамонт спартыўных аб'ектаў у Віцебскай вобласці ў 2010 годзе

24 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2010 годзе на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт спартыўных аб'ектаў плануецца накіраваць каля Br22 млрд. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Міхаіл Парфёнаў сёння на падагульняючым пасяджэнні калегіі ўпраўлення, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У бягучым годзе працягнецца будаўніцтва Лядовага палаца ў Оршы, пачатае ў 2009 годзе, а таксама рэканструкцыя стадыёна ў Глыбокім, спартыўных комплексаў у Міёрах, Паставах, Росанах і Віцебску, шэрагу іншых аб'ектаў. Амаль на 20 спартыўных аб'ектах плануецца выканаць рамонтныя работы на агульную суму каля Br3 млрд. Акрамя таго, неабходна актыўна прыцягваць інвестыцыі ў будаўніцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, якіх у рэгіёне павінна быць узведзена роўна 100 па даручэнні старшыні аблвыканкама, адзначыў Міхаіл Парфёнаў. На будаўніцтва і рэканструкцыю спарт аб'ектаў у 2009 годзе было накіравана каля Br20 млрд. У мінулым годзе ў вобласці праведзена звыш 1,9 тыс. спартыўна-масавых мерапрыемстваў, колькасць іх удзельнікаў вырасла больш чым на 4 тыс. у параўнанні з 2008 годам і склала звыш 174 тыс. чалавек. Пры ўсіх аддзелах спорту і турызму створаны раённыя фізкультурна-спартыўныя клубы для працы з сельскімі жыхарамі, пры гэтым больш за 14% сельскіх жыхароў было ахоплена фізкультурна-аздараўленчай працай. Акрамя таго, арганізавана праца аддзяленняў па відах спорту пры раённых філіялах ДЮСШ у сельскай мясцовасці. У такіх аддзяленнях займаецца больш за 8% агульнай колькасці навучэнцаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Усяго на Віцебшчыне працуюць больш за 1,5 тыс. фізкультурных калектываў і клубаў, заняткамі фізічнай культурай ахоплена каля 15% насельніцтва вобласці.-0-