Каля Br2,5 трлн. накіравана з бюджэту Віцебскай вобласці на развіццё сістэмы адукацыі ў 2012 годзе
Каля Br2,5 трлн. накіравана з абласнога бюджэту на развіццё сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці ў 2012 годзе. Пра гэта паведаміў сёння на цырымоніі ўшанавання пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2012 года і педагогаў, якія іх падрыхтавалі, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Уладзіміра Церанцьева, у Віцебскай вобласці для паспяховага функцыянавання сістэмы адукацыі робіцца нямала. У бягучым годзе ўведзены ў строй дзіцячыя сады ў Віцебску, Браславе, Пастаўскім раёне, пачата будаўніцтва школ у Сенненскім раёне, Оршы і Наваполацку. Згодна з Рэгіянальнай праграмай інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады актыўна рэалізуецца падпраграма "Дзецям Віцебшчыны".
"Мне прыемна адзначыць той факт, што па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда Віцебскай вобласці атрымала 81 дыплом. Пераможцамі сталі прадстаўнікі 13 раёнаў і гарадоў рэгіёна", - адзначыў Уладзімір Церанцьеў. Дыпломы атрымалі навучэнцы гімназій №№ 8, 1, 2 Віцебска, Віцебскага кадэцкага вучылішча, гімназій Полацка, Наваполацка, Кіраўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна, Глыбоцкай раённай гімназіі, Мяжанскай базавай школы Браслаўскага раёна, Параф'янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна, СШ №2 Докшыц, Ушацкай СШ, Асвейскай СШ Верхнядзвінскага раёна, СШ №2 г.п. Бешанковічы.
Беларусь у апошнія гады шырока прадстаўлена на міжнародных алімпіядах, творчых конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, стабільна паспяхова выступае ў Алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць". У 2012 годзе яе пераможцамі сталі чацвёра навучэнцаў Віцебскай вобласці.
"Поспех гэты невыпадковы", - перакананы Уладзімір Церанцьеў. Алімпіядны рух у вобласці з'яўляецца складзенай сістэмай работы са здольнымі і таленавітымі дзецьмі. Цыкл падрыхтоўкі да алімпіяд кругласутачны. Праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы, дзейнічаюць апорныя школы на месцах і абласным узроўні, абагульняецца метадычны вопыт лепшых настаўнікаў вобласці. Пры гэтым работа з адоранымі дзецьмі вядзецца з першай ступені адукацыі. Алімпіяды малодшых школьнікаў, інтэлектуальныя творчыя конкурсы "Рускі мядзведжык", "Зубраня", "Каласок", "Кенгуру", "Інфармаша" дапамагаюць дзецям знайсці сябе, развіць здольнасці, сфарміраваць творчае мысленне, набыць навыкі прыняцця нестандартных рашэнняў.
Больш за 40 тыс. дзяцей у Віцебскай вобласці маюць магчымасць развіваць свае таленты ў розных аб'яднаннях па інтарэсах. Яны ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях. Лепшыя з іх прадстаўляюць вобласць на рэспубліканскіх фестывалях "Юныя таленты Беларусі", "Вітай, свет!", "Калядная зорка", "Святочнае кола", "Арт-вакацыі". Ва ўстановах адукацыі працуюць 85 узорных і народных самадзейных калектываў. У рэспубліцы і за яе межамі добра вядомы хор "Звонкія галасы" СШ №3 Наваполацка, ансамбль "Ветразь" гімназіі №3 Віцебска, узорная студыя "Беларуская саломка" Цэнтра дзяцей і моладзі Полацка і многія іншыя. "Можна з упэўненасцю сказаць, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця здольнасцей і талентаў дзяцей", - канстатаваў намеснік старшыні аблвыканкама.
Ушаноўваючы таленавітую моладзь, шчырыя словы ўдзячнасці і глыбокай павагі намеснік губернатара адрасаваў педагогам. "Выхаваць таленавітага чалавека можа толькі таленавіты педагог, які захоплены сваёй прафесіяй, умела выяўляе адораных дзяцей і вядзе іх да новых вышынь. А на Віцебшчыне такіх педагогаў шмат. Гэта заслужаны работнік сістэмы адукацыі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, цяпер дэпутат Нацыянальнага сходу Міхаіл Волкаў, выхаванцы якога чарговы раз дабіліся поспеху, заваяваўшы сем дыпломаў на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, настаўнік біялогіі Ала Мараліна, настаўнік інфарматыкі Вераніка Лакціна і іншыя. Шмат сіл і энергіі ў працы са школьнікамі аддае таксама прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў вышэйшай адукацыі", - сказаў Уладзімір Церанцьеў.
Аналіз удзелу каманды вобласці ў алімпіядным руху паказвае, што добрыя вынікі ёсць там, дзе органы ўлады на месцах надаюць сур'ёзную ўвагу развіццю сістэмы адукацыі, надаюць першачарговае значэнне працы з моладдзю. У якасці прыкладу намеснік старшыні аблвыканкама прывёў працу адміністрацый Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў Віцебска, выканкамаў Оршы, Полацка і Наваполацка, Глыбоцкага, Шумілінскага, Лепельскага, якая накіравана не толькі на стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця здольнасцей дзяцей, але і на пошук магчымасці для матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання таленавітых педагогаў і навучэнцаў.