Каля Br26 млрд. выплацілі віцебскія кааператары насельніцтву за здадзеныя агародніну, садавіну і ягады
30 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля Br26 млрд. заплацілі спажывецкія таварыствы Віцебскага аблспажыўсаюза насельніцтву за здадзеныя агародніну, садавіну і ягады. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выплаты ўзраслі на 14,7%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні Віцебскага аблспажыўсаюза Віктар Шуляк.
У гэтым сезоне нарыхтоўшчыкі сабралі больш за 600 т чарніц, перавысіўшы леташні паказчык на 11%, каля 30 т грыбоў. З пачаткам дажджоў нарыхтоўка грыбоў пойдзе больш высокімі тэмпамі, упэўнены Віктар Шуляк. А вось тэмп нарыхтоўкі яблыкаў апярэджвае леташні амаль у паўтара раза - нарыхтавана 23 тыс. т. У засеках у кааператараў ёсць і буякі - каля 30 т, і брусніцы - 77 т. Пачалася нарыхтоўка журавін.
У насельніцтва сабрана звыш 1 т агуркоў. А ўсяго кааператары заклалі на захоўванне, засаліўшы і замарынаваўшы, 270 т агуркоў. Амаль усе раённыя арганізацыі спажыўкааперацыі закупілі камеры для шокавай замаразкі ягад, дзякуючы чаму зімой у гандлёвай сетцы з'явяцца замарожаныя лясныя дары. Як адзначыў Віктар Шуляк, поўным ходам ідзе нарыхтоўка бульбы і агародніны на зімовае захоўванне. На экспарт кааператарамі пастаўлена 400 т чарніц.-0-