Каля Br3,6 трлн. інвестыцый будзе прыцягнута ў развіццё камунальных і прыватных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці

6 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля Br3,6 трлн. інвестыцый будзе прыцягнута ў развіццё камунальных і прыватных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе. Пра гэта паведаміў сёння на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Адзін з буйных інвестыцыйных праектаў звязаны з завяршэннем мадэрнізацыі прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. У іх тэхнічнае пераўзбраенне ў бягучым годзе прадугледжваецца накіраваць Br115 млрд. Па словах губернатара, ужо да сярэдзіны года ў вобласці будзе выпускацца ўся лінейка малочнай прадукцыі. Прадпрыемствы дзяржаўнага аб'яднання "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" з'яўляюцца найбольш паспяховымі экспарцёрамі ў вобласці. У тэхнічнае пераўзбраенне аграпрамысловага комплексу будзе накіравана каля Br1,3 трлн. У бягучым годзе завершыцца аснашчэнне ўсіх 277 сельгаспрадпрыемстваў сучаснай тэхнікай. Прадугледжваецца закупіць каля 800 трактароў, у тым ліку 300 - энерганасычаных. Як падкрэсліў Аляксандр Косінец, значныя сродкі, накіраваныя ў развіццё сельгасвытворчасці ў 2009 годзе, даюць свае вынікі. Па папярэдніх даных, у студзені 2010 года валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі ў рэгіёне склала 110%. Яшчэ адным напрамкам інвестыцыйнай дзейнасці ў рэгіёне стануць малыя гарады. Рэалізуючы дзяржаўную праграму развіцця малых і сярэдніх населеных пунктаў, у вобласці прадугледжваецца ўвесці ў строй у 2010 годзе каля 100 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Па словах Аляксандра Косінца, на гэтыя мэты інвестары накіруюць Br450 млрд. Губернатар падкрэсліў, што значныя ўкладанні ў эканоміку не адзаначацца на развіцці сацыяльнай сферы. Каля 60% сродкаў бюджэту будзе накіравана на ахову здароўя, адукацыю, культуру і сацыяльную абарону. -0-