Каля Br400 млн. выдзелена ў Віцебскай вобласці на падрыхтоўку навагодніх святаў для дзяцей

3 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На Віцебшчыне на падрыхтоўку навагодніх святаў для самых маленькіх жыхароў рэгіёна выдзелена каля Br400 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Сродкі будуць накіраваны на набыццё падарункаў для дзяцей-сірот дзіцячых дамоў, выхаванцаў інтэрнатных устаноў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных і апекунскіх сем'яў, паездку дзіцячай дэлегацыі рэгіёна на навагодні свята ў Мінск, а таксама на правядзенне абласнога навагодняга свята. Завяршальнае адбудзецца ў Палацы спорту Віцебска 24 снежня. Традыцыйна ў гэтым мерапрыемстве прыме ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Галоўнымі гасцямі на абласным свяце стануць 1,5 тыс. дзяцей, у тым ліку 1050 - з рэгіёнаў вобласці. Гэта дзеці з шматдзетных і прыёмных сем'яў, пераможцы розных алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, актывісты моладзевага руху. Снежань толькі пачаўся, аднак на Віцебшчыне, як і ва ўсіх іншых рэгіёнах краіны, ужо вядзецца актыўная падрыхтоўка да сустрэчы самага чаканага зімовага свята. Так, у бліжэйшыя дні абласны камітэт БРСМ дасць старт сваім традыцыйным акцыям "Твары дабро", "Нашы дзеці!", "У Новы год - з добрым сэрцам!", "Падзяліся цяплом душы сваёй", накіраваным на аказанне дапамогі дзецям, якія знаходзяцца ў спецыялізаваных установах адукацыі, у бальніцах, выхоўваюцца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем'ях. Дабрачынныя навагоднія акцыі запланавала абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Шматлікія святочныя мерапрыемствы, выставы, канцэрты, конкурсы для самых маленькіх жыхароў рэгіёна рыхтуюць усе ўстановы культуры. Напрыклад, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа прадставіць 25 снежня юным гледачам прэм'еру казкі на біблейскі сюжэт "Дарога ў Віфлеем". Маляўнічае прадстаўленне чакае малышоў і ў Беларускім тэатры "Лялька".-0-