Каля Br50 млрд. будзе накіравана на рамонт бальніц у Віцебскай вобласці ў 2010-2011 гадах

8 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля Br50 млрд. будзе накіравана з мясцовых бюджэтаў на рамонт і рэканструкцыю лячэбных устаноў Віцебскай вобласці ў 2010-2011 гадах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Андрушкін. На працягу паўтары гадоў будуць прыведзены ў парадак корпусы 18 цэнтральных раённых бальніц. Сёлета абноўлены будынак ужо атрымала Багушэўская бальніца, неўзабаве завершацца рамонтныя работы ў Расонскай цэнтральнай бальніцы. Акрамя таго, значныя сродкі накіроўваюцца на рэканструкцыю лячэбных устаноў Віцебска. У прыватнасці, па Br2 млрд. выдзелена на капітальны рамонт абласной інфекцыйнай бальніцы, дзіцячай цэнтральнай паліклінікі і дзіцячай абласной бальніцы, Br1 млрд. - на рамонт аддзяленняў у бальніцы хуткай дапамогі, каля Вr5 млрд. - на рамонтныя работы ў абласной клінічнай бальніцы. Разам з абласнымі, гарадскімі і раённымі бальніцамі рамантуюцца лячэбныя ўстановы ў аграгарадках. У бягучым годзе ў вобласці 65 вёсак рыхтуюцца атрымаць статус аграгарадкоў. Ва ўсіх з іх будуць прыведзены ў парадак і па-сучаснаму аснашчаны фельчарска-акушэрскія пункты, участковыя бальніцы, бальніцы сястрынскага догляду. У Віцебскай вобласці працуе 102 амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі, 111 арганізацый, якія аказваюць кругласутачную стацыянарную медыцынскую дапамогу, - усяго на 13 190 ложкаў.-0-