Каля Br50 млрд. выдаткавана на будаўніцтва новых кватэр для жыхароў 8 аварыйных дамоў у Віцебску
Каля Br50 млрд. выдаткавана на будаўніцтва новых кватэр для жыхароў 8 аварыйных дамоў па вуліцах Міра і Чапаева ў Віцебску, паведаміў журналістам старшыня камітэта па будаўніцтве і архітэктуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У абласным цэнтры завяршаецца адсяленне і знос старых шматкватэрных дамоў у цэнтральнай частцы горада. Гэтыя работы праводзяцца ў адпаведнасці з пратаколам даручэнняў старшыні аблвыканкама Аляксандра Касінца ад 8 красавіка 2010 года. За мінулы перыяд праведзена вялізная работа. З 8 дамоў пабудовы 1954-56 гадоў засталося знесці адзін - гэта будзе зроблена на працягу тыдня. Большасць жыльцоў ужо атрымалі новыя кватэры. Астатнія 5 сем'яў, якія ў апошнія гады не пражывалі па месцы рэгістрацыі (здымалі кватэры, альбо жылі ў інтэрнатах), атрымаюць жыллё да канца года", - сказаў Уладзімір Белавус.
Ён падкрэсліў, што работа па адсяленні і зносе старога жылля ў вобласці вядзецца пастаянна, але ў такіх вялікіх маштабах аблвыканкам і гарадскія ўлады вырашалі праблему ўпершыню. "У васьмі аварыйных дамах размяшчаліся 272 кватэры агульнай плошчай 8 тыс. 782 кв.м. Наўзамен старога жылля без каналізацыі, водаправода і з печным ацяпленнем віцябляне атрымалі добраўпарадкаваныя кватэры ў новабудоўлях. Усяго былі выдзелены 263 кватэры: 157 - аднапакаёвых, 87 - двухпакаёвых і 19 - трохпакаёвых. Агульная плошча выдзеленага жылля 13 тыс. 235 кв.м. У працэсе рассялення ўлады ішлі насустрач пажаданням жыльцоў і стараліся вылучаць кватэры ў адным і тым жа альбо суседніх дамах. Цяпер большасць жыхароў знесенага мікрараёна ўжо абжываюць кватэры на вуліцах Гагарына, Цітова ў мікрараёне Білева. 8 кватэр былі выдзелены з паўторнага жыллёвага фонду", - растлумачыў старшыня камітэта.
Па яго словах, рэалізацыя гэтага праекта прынесла гораду падвойную выгаду. Па-першае, удалося вырашыць жыллёвую праблему, якая востра стаяла ў Віцебску яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Па-другое, абласны цэнтр атрымаў пляцоўку пад будаўніцтва ў цэнтральнай частцы горада. "Гэта вельмі каштоўна, таму што там ужо створана развітая інфраструктура, не патрэбны вялікія ўкладанні ў інжынерныя камунікацыі. Тут запраектаваны новы мікрараён, будаўніцтва якога пачалося. Адзін 102-кватэрны дом ужо ўведзены ў эксплуатацыю, у першым квартале 2014 года будзе ўведзены ў строй дом на 206 кватэр. У планах узвядзенне яшчэ 3 сучасных жылых дамоў. Такім чынам, у 2015 годзе ў горадзе з'явіцца сучасны жылы мікрараён з 5 дамоў больш чым на 590 кватэр", - сказаў Уладзімір Белавус і дадаў, што рашэнне губернатара аб рассяленні і зносе дамоў па вуліцах Чапаева і Міра было даволі складанае ў выкананні, але абсалютна правільнае па сутнасці.
Алена Ціханава