Каля Br5,7 млрд. паступіла ў бюджэт Беларусі па выніках праверак фінансавай міліцыі за тры тыдні
4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За мінулыя тры тыдні дзякуючы дзейнасці органаў фінансавай міліцыі ў даход дзяржавы паступіла таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і грашовых сродкаў на суму Br5,7 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Камітэта дзяржаўнага кантролю.
За ўказаны перыяд органы фінансавых расследаванняў КДК правялі 200 праверак, па выніках кожнай выяўлены правапарушэнні. Прад'яўлена да выплаты дадатковых плацяжоў на суму Br5 млрд., з іх фактычна паступіла ў бюджэт Br3,5 млрд. Узбуджана 88 крымінальных спраў. Скончана вытворчасцю і перададзена пракурорам для накіравання ў суды 21 крымінальная справа.
Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Віцебскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да жыхароў Віцебска, якія, аб'яднаўшыся ў арганізаваную групу з сакавіка 2009 года па сакавік 2010 года, ажыццяўлялі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць з выкарыстаннем рэквізітаў аднаго з прыватных прадпрыемстваў абласнога цэнтра, атрымаўшы даход у суме Br800 млн.
Наваполацкі міжраённы аддзел упраўлення ДФР узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў Полацка, які з мая па лістапад 2008 года шляхам наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення загадзя ілжывых звестак у падатковыя дэкларацыі ўхіліўся ад выплаты падаткаў і збораў у суме Br316,3 млн., прычыніўшы шкоду дзяржаве ў асабліва буйным памеры.
Упраўленнем дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гомельскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала ў Гомелі. У 2008-2009 гадах яна ажыццяўляла незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць па правядзенні фінансавых аперацый ад імя і з выкарыстаннем рэквізітаў, пячатак, разліковых рахункаў падкантрольных суб'ектаў гаспадарання, атрымаўшы даход у памеры Br289,8 млн.
За ілжэпрадпрымальніцтва ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Гомеля, які ў 2007 годзе стварыў прыватнае прадпрыемства без намеру ажыццяўляць статутную дзейнасць, гэта значыць для ўтойвання, заніжэння прыбытку, даходаў і іншых аб'ектаў падаткаабкладання, у выніку чаго прычыніў шкоду дзяржаве ў выглядзе нявыплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры - Br1,5 млрд.
Жлобінскім міжраённым аддзелам упраўлення ДФР узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Чачэрскага раёна, які ў лютым 2010 года з мэтай атрымання крэдыту ў суме Br170 млн. прадставіў у банк загадзя ілжывыя дакументы і звесткі аб абставінах, якія маюць істотнае значэнне для атрымання крэдыту.
За перашкоду ў аднаўленні страт крэдытору ўпраўленнем дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў Мінска, які са жніўня па кастрычнік 2009 года праводзіў гаспадарчыя аперацыі, накіраваныя на зрыў і змяншэнне аднаўлення страт крэдытору (банку), што пацягнула прычыненне шкоды ў суме Br387,9 млн.
У красавіку бягучага года некалькі буйных затрыманняў кантрабанднага тавару правялі супрацоўнікі фінансавай міліцыі Кобрынскага раёна.-0-