Каля Br9,8 трлн. накіравана за 2005-2010 гады на развіццё АПК Віцебскай вобласці

2 верасня, Расоны /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. На развіццё аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці за 2005-2010 гады накіравана каля Br9,8 трлн. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец у Расонах на абласным свяце працаўнікоў вёскі "Дажынкі", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Дзякуючы выкананню праграмы адраджэння і развіцця сяла ўдалося не толькі ўдыхнуць новае жыццё ў вёску, але і стварыць патэнцыял для далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу рэгіёна, адзначыў старшыня аблвыканкама. За гэтыя гады на Віцебшчыне пабудавана 192 аграгарадкі, амаль 200 малочнатаварных ферм, у тым ліку яны мадэрнізаваны і рэканструяваны, узведзена больш за 30 свінаводчых комплексаў і комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы. Праведзена значнае пераўзбраенне машынатрактарнага парку. Гаспадаркі вобласці атрымалі каля 10 тыс. адзінак новай сельгастэхнікі, прычым больш за 7,5 тыс. - толькі за апошнія 1,5 года, у тым ліку парк папоўнілі звыш 1,2 тыс. збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў. Выкананне мерапрыемстваў праграмы дало магчымасць стварыць умовы для павышэння якасці жыцця вяскоўцаў. У сельскай мясцовасці пабудавана больш за 6 тыс. кватэр і дамоў, атрымала развіццё сацыяльная інфраструктура, адзначыў губернатар.-0-