Каля чвэрці жыхароў Віцебшчыны займаюцца фізкультурай і выбіраюць актыўны адпачынак

20 мая — Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Дастаткова выйсці з дома, каб убачыць, колькі людзей прыхільныя да актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця. Па вуліцах ездзяць веласіпедысты, паркі і скверы аблюбавалі бегуны, шматлюдна на стадыёнах і ў спортзалах. Сумленную ўвагу ў вобласці надаюць і падрыхтоўцы рэзерву і спартсменаў высокага класа, каб яны маглі ўсяму свету даказаць, што Віцебшчына — гэта спартыўны край.

— У спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах вобласці за кошт бюджэтных сродкаў культывуецца 43 віды спорту, з якіх 33 уключаны ў праграму зімовых і летніх Алімпійскіх гульняў, — сказаў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч. — Падрыхтоўку перспектыўнага спартыўнага рэзерву і атлетаў для нацыянальных і зборных каманд Беларусі вядуць 23 ДЮСШ, 26 СДЮШОР, 5 цэнтраў алімпійскага рэзерву, 2 вучылішчы алімпійскага рэзерву. Там займаюцца звыш 21,5 тыс. чалавек пад кіраўніцтвам 1076 трэнераў. 25 з іх маюць ганаровае званне «Заслужаны трэнер», а 102 — вышэйшую катэгорыю. Даходы ўстаноў фізічнай культуры і спорту ад пазабюджэтнай дзейнасці ў 2016 годзе склалі каля 5,5 млн руб, расходы на правядзенне спаборніцтваў — 2 млн.

Як адзначыў Васіль Аляксеевіч, высокі ўзровень майстэрства спартсмены Віцебшчыны прадэманстравалі на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія). У складзе беларускай дэлегацыі ў Гульнях удзельнічала 14 прадстаўнікоў нашага рэгіёна.

Трыумфальным стала выступленне выхаванца віцебскай школы па скачках на батуце Уладзіслава Ганчарова, які заваяваў залаты медаль, у цяжкаатлета Вадзіма Стральцова «серабро». А заліковыя ачкі ў скарбонку нацыянальнай зборнай, увайшоўшы ў васьмёрку наймацнейшых, прынеслі батутыстка Ганна Гарчонак, цяжкаатлеты Дар'я Пачобут, Аляксандр Берсанаў, Павел Хадасевіч, лёгкаатлетка Марына Арзамасава. Дастойныя вынікі і ў нашых паралімпійцаў: чэмпіёнам стартаў чатырохгоддзя па фехтаванні стаў Андрэй Праневіч, у «залік» трапілі плыўцы Рыгор і Настасся Зудзілавы.

Усяго ж на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах у 2016 годзе 123 прадстаўнікі Віцебшчыны

поднімаліся на п'едэстал гонару, у тым ліку 40 — на вышэйшую прыступку.

За значны асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны трэнеры нацыянальнай каманды Вольга Власава і Віктар Шаршукоў. Такой жа ўзнагароды ўдастоены і атлеты, якія сталі чэмпіёнамі Алімпіяды і Паралімпіяды.

— З 70 зарэгістраваных рэкордаў краіны 14, у тым ліку 2 сусветных па водналыжным спорце, устаноўлены нашымі хлопцамі, — падкрэсліў Васіль Захарэвіч.

Поспехі прафесіяналаў спрыяюць і росту папулярнасці заняткаў фізічнай культурай і спортам сярод насельніцтва. Сёння выбіраюць актыўны адпачынак і рэгулярна займаюцца фізкультурай каля 22% жыхароў вобласці.

Таксама на Віцебшчыне ўводзяцца новыя спартыўныя аб'екты, якія дазваляюць людзям праводзіць свой вольны час цікава і з карысцю для здароўя. У тым ліку ў дварах з'яўляюцца абсталяванне для заняткаў воркаўтам і трэнажоры. Расце колькасць зімовых сезонных спартыўных збудаванняў і пунктаў пракату інвентара.

Дарэчы: Сярод новых фізкультурна-спартыўных збудаванняў, якія з'явяцца ў вобласці ў 2017 годзе, ФАК «Юнацтва» ва Ушачах, плавальны басейн у Гарадку, стадыён ВГТУ (капітальны рамонт з мадэрнізацыяй) і спартыўнае ядро ў Дубровне (капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі).

Эдуард Каралевіч. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія весці».