Каля дзесяці праектаў праграмы ТАСІС ЕС рэалізавана ў Віцебскай вобласці
24 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля дзесяці праектаў праграмы ТАСІС Еўрапейскага саюза рэалізавана ў Віцебскай вобласці, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па эканоміцы Віцебскага аблвыканкама.
Разам з партнёрамі з Латвіі і Літвы Саветы дэпутатаў Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбокскага, Мёрскага, Пастаўскага раёнаў увайшлі ў добраахвотную асацыяцыю - Еўрарэгіён "Азёрны край", у межах якога і былі рэалізаваны асноўныя праекты ТАСІС. Беларускімі партнёрамі на іх ажыццяўленне было прыцягнута больш за 700 тыс. еўра. Так, па праекце "Азёрны край - менеджмент і маркетынг сельскага турызму" Браслаўскі райсавет атрымаў грант на суму $2 тыс. на тэхнічнае аснашчэнне. Акрамя таго, былі рэалізаваны праекты па стварэнні адзінага інфармацыйнага цэнтра Латвія-Беларусь, па развіцці сеткі веламаршрутаў у Азёрным краі. Папулярызацыі культур Латвіі і Беларусі ў сумежных рэгіёнах спрыяў праект "Мастацтва без межаў", які дазволіў больш даведацца пра творчасць Марка Шагала і Марка Ротка і дзякуючы якому завязаліся дзелавыя кантакты паміж музеямі гэтых мастакоў.
Да сярэдзіны 2010 года ў вобласці будзе рэалізаваны яшчэ адзін праект па праграме ТАСІС "Бела Дзвіна - падарожнічаючы праз межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёну Заходняй Дзвіны/Даугавы". Гэты праект з'яўляецца адзіным у вобласці, дзе асноўным партнёрам выступае беларускі ўдзельнік, яго бюджэт складае каля 500 тыс. еўра.
Падвядзенне вынікаў працы праграмы ТАСІС ЕС у Віцебскай вобласці пройдзе 25 лістапада ў Віцебску. Як мяркуецца, на рэгіянальнай канферэнцыі таксама будуць абмеркаваны перспектывы ўдзелу рэгіёнаў вобласці ў новых праграмах знешняй дапамогі ЕС.-0-