Каля дзевяноста незвычайных выданняў на англійскай мове выявілася ў фондах Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна.

Около девяноста необычных изданий на английском языке обнаружилось в фондах Витебской областной библиотеки им. В.И.Ленина.

Здавалася б, якія сакрэты могуць хавацца ў сценах кніжнага храма? Усё змесціва даўно вывучана, сістэматызавана, занесена ў каталогі – традыцыйныя і электронныя. І тым не менш 2012 год паднёс супрацоўнікам абласной бібліятэкі сюрпрыз. А пачалося ўсё з таго, што намеснік дырэктара па бібліятэчнай рабоце Таццяна Адамян зацікавілася інфармацыяй аб літаратуры, якая паступіла ў СССР з ЗША пасля завяршэння Другой сусветнай вайны. Расійскія ўстановы, выявіўшы ў сваіх фондах англамоўныя выданні з незвычайнай эмблемай, сталі з дапамогай Інтэрнэту высвятляць, што яна азначае і дзе яшчэ маюцца падобныя рарытэты. На этыкетцы, наклеены на форзацы, намалявана раскрытая кніга, а за ёй – два сцягі (ЗША і СССР). Надпіс на англійскай мове кажа: «Героічнаму народу Савецкага Саюза ад народа Амерыкі». А ў цэнтры ўпісана імя альбо назва арганізацыі.

Таццяне Мікалаеўне стала цікава: ці маюцца такія рарытэты ў Віцебску? Аказалася, так. У галоўным кніжным храме Прыдзвіння іх знайшлося 89, распавяла загадчыца сектара замежнай літаратуры абласной бібліятэкі Ірына Шанцава. Аўтары некаторых твораў выдатна вядомыя чытачам – напрыклад, Уільям Шэкспір, Вальтэр Скот, Уільям Тэкерэй. Іншыя імёны менш папулярныя. Сярод іх – Вера Брыттен, Чарльз Кінгслі, Энтані Родс і іншыя. Выдадзена літаратура ў розныя гады. Самыя «старажытныя» экзэмпляры датуюцца канцом XIX стагоддзя. Гэта ілюстраваныя зборнікі Чарльза Дзікенса, Джэймса Фенімора Купера і раман Даніэля Дэфо «Жыццё і дзівосныя прыгоды Рабінзона Круза».

Калі пачалі высвятляць, адкуль кнігі трапілі ў Віцебск, пошукі прывялі ў Маскву, у Дзяржаўную бібліятэку замежнай літаратуры (сёння гэта Усерасійская дзяржаўная бібліятэка замежнай літаратуры імя М. І. Рудоміна). У архівах установы выявіліся сляды партыі ў 150 тысяч тамоў са ЗША, ад дабрачыннай арганізацыі «Russian War Relief» («Камітэт дапамогі Расіі»). У спісе – творы аўтараў ХХ стагоддзя, класікаў англамоўнай літаратуры, зборнікі дакументаў.

Гэтыя выданні былі сабраны падчас кампаніі «Books for Russia» («Кнігі для Расіі»), абвешчанай у 1946 годзе. Маштабная дабрачынная акцыя прайшла тады па ўсіх Злучаных Штатах. У ёй удзельнічалі як асобныя грамадзяне (ад школьнікаў да прэзідэнта), так і цэлыя арганізацыі. Прымалася толькі сур'ёзная літаратура (дакументальная, класічная, гістарычная) у цвёрдым пераплёце. Планавалася сабраць мільён тамоў, каб затым пераправіць іх у краіну, дзе ішоў працэс пасляваеннага аднаўлення. «Расія, як усе вялікія дзяржавы, павінна ўзвесці нанова не толькі гарады, фабрыкі і чыгункі, калі яна хоча ўтрымаць сваё месца пад сонцам. Яна таксама павінна старанна перабудаваць сістэму школьнай адукацыі і аднавіць бібліятэкі на ўсёй сваёй велізарнай тэрыторыі», – пісала ў 1946 годзе адна з амерыканскіх газет. «Камітэт «Books for Russia» верыць, што разуменне паміж двума народамі – надзейная гарантыя міру, і што няма лепшага спосабу дасягнуць гэтага разумення, чым даць расіянам магчымасць даведацца больш пра амерыканскае жыццё, – сцвярджала іншая. – Кнігі з творамі пра амерыканскі лад жыцця, мастацкімі і дакументальнымі, могуць стаць самымі паспяховымі дыпламатамі, якіх толькі можа паслаць наша культура савецкаму народу».

Кожны, хто прыносіў літаратуру, наклейваў на форзац эмблему, куды ўпісваў свае даныя: уласнае імя ці назву арганізацыі. Сярод тых, чые дары дабраліся да Віцебска, – жаночы клуб «Perry» з Аёвы, лагер «Aloha Camp», міжнародная жаночая арганізацыя «Soroptimist», Універсітэт Толеда… Знойдзена адразу 4 томiкі, перададзеныя нейкiм мiстэрам Рочэстэрам.

Нягледзячы на тое, што кампанія, арганізаваная ў ЗША, аказалася паспяховай і вельмі маштабнай, пазней пра яе амаль забыліся. У перыяд «халоднай вайны» не прынята было ўспамінаць пра сяброўскія жэсты патэнцыйнага ворага. І толькі цяпер, праз дзесяцігоддзі, кніжныя дары зноў вяртаюцца да чытачоў.

Лiлiя IЎЧАНКА. «ВР»